Пачалася кампанія партыйнага назірання “Права выбару-2015”
“Права выбару-2015” аб’ядноўвае восем палітычных і грамадзянскіх структур – Партыю БНФ, Беларускую Хрысціянскую дэмакратыю, Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю(Грамада ), рух “За свабоду”, кампанію “Гавары праўду”, Беларускую партыю “Зялёныя”, аргкамітэт Партыі Свабоду і Прагрэсу, прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасці. Сваіх 2 тысячы назіральнікаў яны плануюць накіраваць на тысячу выбарчых участкаў.
На прэс-канферэнцыі кіраўнікі партый і арганізацый выказаліся пра сваё бачанне выбарчай сітуацыі і ступень, магчымасці свайго ўдзелу ў будучай кампаніі назірання.
Кажа Аляксей Янукевіч, лідар Партыі БНФ.
– Калі гаварыць пра БНФ, то мы – тая партыя, якая ідзе на выбары са сваім кандыдатам – Таццянай Караткевіч. Для нас гэтая кампанія назірання не проста фіксацыя парушэнняў, гэта кампанія па адстойванню галасоў, якія будуць пададзеныя за таго кандыдата, якога мы падтрымліваем. І мы актыўна заклікаем далучыцца і сябраў партыі, і ўсіх беларусаў да кампаніі, яшчэ ёсць час.
Кампанія “Права выбару-2015” мае намер назіраць за выбарамі ва ўсіх абласцях, а таксама ў Менску. Таму запрашае далучыцца да назірання грамадзянаў як валанцёраў.
Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя