Пачалася падрыхтоўка да святкавання Дня Волі
Аргкамітэт па святкаванні Дня Волі распачаў збор сродкаў на правядзенне мітынгу-канцэрта ў Менску, паведаміў БелаПАН старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў.
Паводле яго слоў, мерапрыемства плануецца правесці 22 сакавіка. Дакладнае месца і час пакуль не вядомыя, члены аргкамітэта плануюць перамовы з Менгарвыканкамам.
„Я накіроўваў у Менгарвыканкам ліст ад імя партыі з прапановай уключыць Дзень Волі ў расклад святкаванняў на 2020 год, гэта пазбавіла б нас ад выдаткаў. Для святкавання я прапаноўваў тры пляцоўкі: каля Палаца спорту, каля опернага тэатра, плошчу Свабоды. Пакуль адказу не атрымаў”, — сказаў Барысаў.
Ён адзначыў, што фармат мітынгу-канцэрта застанецца такім жа, як і ў мінулым годзе. Ужо ідуць перамовы з музычнымі гуртамі. Таксама плануюцца дадатковыя мерапрыемствы 23 і 24 сакавіка.
У склад аргкамітэта па падрыхтоўцы святкавання 102-й гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі ўваходзяць Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Аб’яднаная грамадзянская партыя, аргкамітэт па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” і рух „За Свабоду”.
Як паведаміў Барысаў, аргкамітэт вёў перамовы з Партыяй БНФ, але тая пакуль устрымалася ад удзелу. У падрыхтоўцы мерапрыемства таксама не ўдзельнічаюць блогеры, якія арганізоўвалі мітынгі-канцэрты на 100-ю гадавіну абвяшчэння БНР у Менску ў 2018 годзе і на 101-я ўгодкі БНР у Гародні.