Пачалася працэдура выбару адзінага кандыдата



Пачалася працэдура выбару адзінага кандыдата, у якой можа паўдзельнічаць любы ахвочы грамадзянін Беларусі па ўсёй краіне. Прынамсі, так дэкларуюць прадстаўнікі 5 палітычных партый, якія распачалі праймерыз да прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Паводле планаў, з трэцяга да 16-га лютага прымаюцца заяўкі на ўдзел у працэдуры. Сярод кандыдатаў – лідары апазіцыйных структураў. І як кажа палітычны аналітык Валерый Карбалевіч, сама працэдура створаная пад іх. Напрыклад, так званыя шэсць патрабаванняў для «адзінага».

– Там ужо гэтыя патрабаванні, пэўныя абмежаванні ёсць, скажам, выхад Беларусі з АДКБ і Саюзнай дзяржавы, што, як на мой погляд, сёння не падтрымліваецца большасцю беларусаў. Гэта першае. А па-другое, пры механізме, які распрацаваны, ён прадугледжвае 70 балаў – фактычна 70% галасоў будуць даваць менавіта апазіцыйныя актывісты. То бок, нікога гэтыя актывісты, акрамя лідараў апазіцыі, выбраць не могуць.

Адзінага кандыдата ад 5 структур – аб’явіць Кангрэс дэмакратычных сілаў. Які плануюць правесці з 15 да 30 траўня. На Кангрэсе будзе па сто дэлегатаў ад кожнага кандыдата.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя