Пачалося датэрміновае галасаванне
6 верасня пачынаецца датэрміновае галасаванне на выбарах дэпутатаў Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання.
Цягам пяці дзён выбарчыя ўчасткі будуць адкрыты для галасавання з 10.00 да 14.00, а таксама з 16.00 да 19.00.
У бюлетэнях для галасавання значыцца 491 кандыдат у дэпутаты. З іх 313 з’яўляюцца чальцамі палітычных партый.
Пераважная колькасць назіральнікаў, якія зарэгістраваліся на ўчастках у Берасці, – прадстаўнікі БРСМ. Такія звесткі агучылі мясцовыя ўлады. Акрамя таго, у назіральнікі пайшлі сябры Федэрацыі Прафсаюзаў Беларусі, “Белай Русі”, Беларускага аб’яднання ветэранаў і Беларускага саюзу жанчын. Незалежны назіральнік Уладзімір Вялічкін лічыць, што большая частка праўладных назіральнікаў удзельнічае ў выбарах не па ўласным жаданні:
– Назіральнікі ад праўладных арганізацый яшчэ з’явяцца. Тое, што зараз толькі моладзевая арганізацыя БРСМ мае вялікую колькасць, дык гэта толькі таму, што пачынаюць працу ўніверсітэты, з’язджаюцца студэнты. Таму яны выкарыстоўваюць гэты момант, каб выкарыстаць студэнтаў, часта папросту несвядомых, але якія залежныя: ім скажуць – яны зробяць.
Як адзначыў Уладзімір Вялічкін, пераважна, калі камісія створана на тэрыторыі прадпрыемства або школы, назіральнікамі задзейнічаны супрацоўнікі гэтых устаноў.
Ад сацыял-дэмакратаў у Берасцейскай вобласці працуе каля паўсотні чалавек. Кажа прадстаўніца кампаніі «Права выбару» Святлана Алесюк:
– Берасцейская арганізацыя БСДП высунула сваіх назіральнікаў на дзвюх выбарчых акругах у Берасці: Берасцейская Усходняя выбарчая акруга, дзе мы будзем назіраць за 13 участкамі, і Берасцейская Пагранічная акруга №4, дзе будзе 14 участкаў. Агульная колькасць – гэта 27 участкаў, якія мы будзем закрываць. У назіранні за выбарчымі ўчасткамі задзейнічаны будуць 54 чалавекі.
Галоўная задача незалежнага назірання – сачыць за празрыстасцю галасавання і выяўляюць факты парушэння выбарчага заканадаўства, калі яны маюць месца.
Асноўны дзень галасавання на выбарах – у нядзелю, 11-га верасня.
Беларускае Радыё Рацыя