Пачалося датэрміновае галасаванне на выбарах прэзідэнта



Першыя парушэнні зафіксавалі ў першы дзень датэрміновага галасавання на прэзідэнцкіх выбарах незалежныя назіральнікі.

Кампанія “Праваабаронцы за свабодныя выбары” пераходзяць амаль на кругласуткавы рэжым працы па фіксацыі парушэнняў, адзначыў намеснік старшыні праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч. А па словах праваабаронцы Насты Лойкі, вялікая колькасць людзей выказала жаданне папрацаваць у якасці кароткатэрміновых назіральнікаў на выбарах.

– Вялікая колькасць доўгатэрміновых назіральнікаў сочаць за ўсімі этапамі выбарчага працэса. І мы асобна набіралі назіральнікаў на кароткатэрміновае назіранне, якія будуць назіраць за датэрміновым галасаваннем і ў дзень выбараў.

Датэрміновае галасаванне пачалася 6 кастрычніка і будзе доўжыцца па 10 кастрычніка ўключна. На працягу пяці дзён участкі для галасавання будуць працаваць з 10.00 да 14.00 і з 16.00 да 19.00 гадзінаў. Права прагаласаваць датэрмінова прадастаўлена выбаршчыкам, якія ў дзень выбараў не маюць магчымасці знаходзіцца па месцы жыхарства. Разам з тым афіцыйнага пацверджання немагчымасці прагаласаваць па месцы жыхарства ў асноўны дзень выбараў не патрабуецца.

* * *

Сёння пачалося датэрміновае галасаванне на выбарах прэзідэнта Беларусі, якое будзе доўжыцца па 10 кастрычніка ўключна.

Старшыня выбарчай камісіі Кастрычніцкага раёна Гародні Уладзімір Хлябіч паведаміў Беларускаму Радыё Рацыя, што датэрміновае галасаванне пачалося ў штатным рэжыме:

– Камісіі працуюць, бюлетэні атрыманыя, адпаведныя дзеянні камісіі праведзены, скрыні апячатаныя. Пачаўся працэс з галасавання, нейкіх асаблівых заўваг па ходу галасавання ў нашу раённую камісію ўвогуле не паступала, усё ідзе ў штатным рэжыме паводле патрабаванняў Выбарчага кодэкса.

На працягу пяці дзён участкі для галасавання будуць працаваць з 10.00 да 14.00 і з 16.00 да 19.00.

Права прагаласаваць датэрмінова дадзена выбаршчыкам, якія ў дзень выбараў не маюць магчымасці знаходзіцца па месцы жыхарства. Разам з тым афіцыйнага пацвярджэння немагчымасці прагаласаваць па месцы жыхарства ў асноўны дзень выбараў не патрабуецца.

Датэрміновае галасаванне праводзіцца толькі ў памяшканні ўчастковай камісіі. Яно не праводзіцца на ўчастках для галасавання, утвораных у санаторыях, прафілакторыях, дамах адпачынку, бальніцах і іншых арганізацыях аховы здароўя, што аказваюць медыцынскую дапамогу ў стацыянарных умовах, а таксама для грамадзян, якія адбываюць пакаранне ў выглядзе арышту, знаходзяцца ў лячэбна-працоўных прафілакторыях.

Выбарчым правам у Беларусі валодаюць грамадзяне, якія дасягнулі 18 гадоў. Паводле звестак Цэнтрвыбаркама, прагаласаваць на сёлетніх выбарах зможа 6 млн. 995 тыс. 181 выбаршчык, у тым ліку 5 тыс. 742 — за межамі Беларусі.

Згодна з афіцыйнай інфармацыяй, датэрмінова, як правіла, галасуюць 20-30% выбаршчыкаў.

Арганізатары выбараў станоўча ацэньваюць наяўнасць інстытута датэрміновага галасавання. Ён, на іх думку, дазваляе грамадзянам рэалізаваць свае выбарчыя правы. Між тым незалежныя назіральнікі і праваабаронцы заклікаюць не ўдзельнічаць у датэрміновым галасаванні, бо менавіта ў гэты перыяд галасы лягчэй фальсіфікаваць, падмяніўшы бюлетэні.

Шэраг незалежных ініцыятыў па назіранні за выбарамі ў Беларусі стварылі спецыяльны мабільны дадатак „Вочы”, спампаваўшы які, выбаршчык зможа пераслаць незалежным назіральнікам інфармацыю аб парушэннях на выбарах. Дасланая карыстальнікамі інфармацыя пасля мадэрацыі адлюстроўваецца на анлайн-карце electby.org. Яна можа быць выкарыстаная місіямі па назіранні для ацэнкі таго, наколькі сумленнымі, свабоднымі і справядлівымі былі выбары.

Незалежныя назіральнікі падкрэсліваюць, што ў адпаведнасці з выбарчым заканадаўствам удзел у выбарах мае выключна добраахвотны характар. Ніхто не мае права прымушаць грамадзян удзельнічаць або не ўдзельнічаць у выбарах, а прымус да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні з’яўляецца грубым парушэннем заканадаўства і цягне адказнасць.

У той жа час стала вядома, што загад прагаласаваць датэрмінова атрымалі ваеннаслужачыя і супрацоўнікі міліцыі Гарадзенскай вобласці. Афіцэрскі склад вайсковых частак, як і супрацоўнікі міліцыі, абавязаныя на працягу тыдня таксама  прагаласаваць датэрмінова і  паведаміць свайму кіраўніцтву нумар участка на якім ажыццявілі галасаванне.

Дакладная колькасць вайскоўцаў і міліцыянтаў, якія прымуць удзел у галасаванні застаецца таямніцай, што па словах праваабаронцы Рамана Юргеля не спрыяе дэмакратызацыі выбарчага працэса:

– Добра было б мець гэтыя дадзеныя таму, што выбары адбываюцца ў нас адкрыта і галосна, як напісана ў Выбарчым кодэксе. Канешне тут падазрэнні будуць, бо чаму назіральнікам не даюць гэтыя дадзеныя? Гэта вялікае падазрэнне, што могуць быць магчымыя фальсіфікацыі.

У спіскі выбарцаў Гарадзенскай вобласці ўключана больш за 778 тысяч чалавек. Паводле дадзеных абласной выбарчай камісіі, упершыню ўдзел у выбарах прэзідэнта Беларусі прымуць 8 752 чалавекі.

На пасаду прэзідэнта Беларусі прэтэндуюць чатыры кандыдаты: старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч, актывістка кампаніі „Гавары праўду” Таццяна Караткевіч, кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка і старшыня Беларускай патрыятычнай партыі, вярхоўны атаман РГА „Беларускае казацтва” Мікалай Улаховіч.

БелаПАН, Беларускае Радыё Рацыя