Пачаты збор подпісаў пад петыцыяй супраць затрыманняў ўдзельнікаў мірных сходаў
На сайце petitions.by 23 чэрвеня аб’яўлены збор подпісаў пад петыцыяй у адрас Генеральнай пракуратуры з патрабаваннем „зрабіць захады пракурорскага рэагавання па спыненні незаконных дзеянняў міліцыі”.
Ініцыятарам збору подпісаў выступіў старшыня рэспубліканскага праваабарончага грамадскага аб’яднання „Беларускі Хельсінкскі камітэт” Алег Гулак.
У петыцыі ад Генпракуратуры патрабуецца „неадкладна прыняць меры па спыненні незаконных дзеянняў праваахоўных органаў, якія выяўляюцца ў затрыманні мірных грамадзян на вуліцах беларускіх гарадоў, у тым ліку асобамі ў грамадзянскай форме адзення, ва ўжыванні да ўдзельнікаў мірных сходаў гвалту і жорсткага абыходжання”.
„Нельга ўжываць гвалт да мірных людзей, — падкрэсліваецца ў петыцыі. — Тым больш абуральна, калі такі гвалт ужываецца асобамі, якіх нельга адназначна ідэнтыфікаваць як прадстаўнікоў улады. Мы лічым, што гэта можа прыводзіць да розных канфліктных сітуацый і да законнага прымянення сілы з боку грамадзян з мэтай самаабароны ад невядомых асоб”.
У петыцыі нагадваецца, што згодна з арт. 34 Крымінальнага кодэкса „кожны грамадзянін мае права на абарону ад грамадска небяспечнага замаху” незалежна ад таго, ці ёсць „магчымасць пазбегнуць замаху або звярнуцца па дапамогу да іншых людзей або органаў улады”.
Каб такіх сітуацый не ўзнікала, ад Генпракуратуры патрабуюць абавязаць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў „знаходзіцца ў форменнай вопратцы, якая будзе ясна дэманстраваць удзельнікам мірных сходаў, што яны маюць справу не з бандытамі, а з прадстаўнікамі ўлады”, а таксама „не выкарыстоўваць для перавозкі затрыманых людзей аўтатранспарт без апазнавальных міліцэйскіх знакаў”. Таксама ад нагляднага органа патрабуюць прымусіць міліцыю „не затрымліваць людзей і не прымяняць да іх сілу толькі за ўдзел у мірных сходах, без рэальных і значных (важкіх) падстаў”.
Адначасова падпісанты патрабуюць „забяспечыць эфектыўную абарону тых супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія адмовяцца выконваць заведама злачынныя загады і распараджэнні, якія парушаюць правы грамадзянаў”.
У тэксце ёсць адсылка да кіруючых прынцыпаў БДІПЧ АБСЕ па свабодзе мірных сходаў, дзе адзін з пунктаў абвяшчае, што „наяўнасць у праваахоўных органаў паўнамоцтваў, якія прадугледжваюць магчымасць умяшання і разгону незаконнага сходу або магчымасць прымянення сілы, не азначае, што такія паўнамоцтвы варта выкарыстоўваць заўсёды”. У выпадку „мірнага цячэння сходу, арганізаванага з парушэннем заканадаўства, неўмяшанне або актыўнае спрыянне правядзенню такога сходу можа часам апынуцца найлепшым спосабам забяспечыць яго мірны зыход”. Акрамя таго, пры падтрыманні парадку падчас публічных сходаў трэба ўлічваць, што „ў непасрэднай блізкасці ад месца правядзення сходу могуць знаходзіцца асобы, якія ў ім не ўдзельнічаюць, напрыклад выпадковыя мінакі ці назіральнікі”.
„Адным з базавых стандартаў, замацаваных у кіруючых прынцыпах па свабодзе мірных сходаў, з’яўляецца неабходнасць таго, каб супрацоўнікаў паліцыі было лёгка адрозніць (у тым ліку па асабістых апазнавальных знаках)”, — гаворыцца ў петыцыі.
Да сярэдзіны першага дня збору подпісаў петыцыю падтрымала больш за 500 інтэрнэт-карыстальнікаў. Яе плануецца накіраваць у Генпракуратуру праз тыдзень.