Пачатыя крымінальныя справы ў дачыненні да членаў Каардынацыйнай рады
Генеральная пракуратура пачала крымінальныя справы „па фактах стварэння экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім, фінансавання яго дзейнасці з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам”.
„Генеральная пракуратура з улікам дадзеных, атрыманых падчас расследавання Следчым камітэтам крымінальнай справы ў дачыненні да членаў так званай каардынацыйнай рады на падставе ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса, прыняла рашэнне аб распачынанні крымінальнай справы ў дачыненні да Ціханоўскай С.Г., Калеснікавай М.А., Знака М.А., Латушкі П.П., Кавальковай В.А., Дылеўскага С.А. і іншых асоб па факце стварэння экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім, г.зн. здзяйснення злачынства, прадугледжанага ч. 1 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса”, — гаворыцца ў паведамленні.
Адзначаецца, што „ў дачыненні да Лявончыка А.Л. i iншых грамадзян Генеральная пракуратура распачала крымінальную справу ў сувязі з фінансаваннем дзейнасці экстрэмісцкага фармавання паводле арт. 361-2 Крымінальнага кодэкса”.
Для арганізацыі папярэдняга расследавання крымінальныя справы перададзеныя ў цэнтральны апарат Следчага камітэта.
Акрамя таго, паводле даручэння Генпракуратуры СК распачаў крымінальную справу „ў дачыненні да членаў так званай каардынацыйнай рады і іншых асоб на падставе ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэкса — змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам”.
„Кожнаму факту аказання садзейнічання экстрэмісцкаму фармаванню, якое кіруецца Ціханоўскай С.Г., Калеснікавай М.А., Знакам М.А., Латушкам П.П., Кавальковай В.А., Дылеўскім С.А. і іншымі асобамі, з боку грамадзян Рэспублікі Беларусь, асоб без грамадзянства, замежных грамадзян, уключаючы службовых асоб, будзе дадзеная прынцыповая прававая ацэнка”, — папярэджвае Генпракуратура.
Фота: Тут.бай