Пачаўся афіцыйны візіт Лукашэнкі ў Егіпет



 Пачаўся афіцыйны візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Егіпет, паведамляе тэлеграм-канал „Пул Першага”. Самалёт кіраўніка дзяржавы прызямліўся ў аэрапорце Каіра.

Падчас двухдзённага візіту, паведамляе прэс-служба беларускага кіраўніка, ён правядзе перамовы з прэзідэнтам Егіпта Абдэлем Фатахам аль-Сісі. Суразмоўцы абмяркуюць „рэалізацыю наяўных дамоўленасцей, дасягнутых падчас візіту егіпецкага лідара ў Менск летам мінулага года, перспектывы развіцця гандлёва-эканамічных і гуманітарных адносін”, а таксама разгледзяць пытанні ўзаемадзеяння на міжнародных пляцоўках, арганізацыю бяспекі ў рэгіёне і свеце ў цэлым.

Паводле вынікаў перамоў чакаецца падпісанне пакета двухбаковых дакументаў.

У Лукашэнкі запланаваны шэраг іншых сустрэч і наведванне сумесна з Фатахам аль-Сісі новай адміністрацыйнай сталіцы Егіпта, якая будуецца за 45 км на ўсход ад Каіра.

Падчас візіту Лукашэнкі ў Каіры пройдзе пасяджэнне беларуска-егіпецкага савета дзелавога супрацоўніцтва.

belapan.by