Пачаўся першы суд па „справе Ціханоўскага”
У судзе Лагойскага раёна 12 студзеня пачаўся суд над аўтарам YouTube-канала „Слуцк для жыцця” Уладзімірам Няронскім. Яго судзяць па ч. 1 арт. 342 і арт. 369 Крымінальнага кодэкса. Гэта першы суд па „справе Ціханоўскага”.
Блогер абвінавачваецца ў арганізацыі „незаконных грамадска-масавых мерапрыемстваў” па ўсёй Беларусі, а таксама ў публічнай абразе старшыні Слуцкага райвыканкама ў роліку на YouTube, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.
Справу разглядае старшыня суда Лагойскага раёна Аляксандр Рыбакоў. Дзяржаўнае абвінавачанне падтрымлівае намеснік пракурора Лагойскага раёна Аляксандр Ляўковіч.
Згодна з абвінавачаннем, Уладзімір Няронскі як актывіст руху „Краіна для жыцця” па змове з Сяргеем Ціханоўскім арганізаваў групавыя дзеянні, якія груба парушалі грамадскі парадак у Гомелі, Мазыры, Брэсце, Мінску, Слуцку, Гродне, Магілёве. Сродак учынення злачынства — YouTube-канал і тэлеграм-канал „Краіна для жыцця”. У абвінавачанні гаворыцца, што, „натхніўшыся заклікамі Ціханоўскага, Статкевіча, Севярынца”, ён стварыў YouTube-канал „Слуцк для жыцця”. Паводле версіі следства, 2 лютага 2020 года сустрэўся з Ціханоўскім, з якім размеркаваў ролі ўчынення злачынства.
У віну блогеру ставяць адміністраванне канала „Слуцк для жыцця”, на якім ён размяшчаў відэаролікі, дзе былі „заклікі, адрасаваныя шырокай групе асоб узяць удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады або пацягнулі парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў, устаноў або арганізацый”. У гэтых роліках, як гаворыцца ў абвінавачанні, прапагандавалася беспакаранасць. Таксама ў роліках Няронскага ўбачылі публічную абразу старшыні Слуцкага райвыканкама.
Па ч. 1 арт. 342 КК Няронскі прызнаў віну часткова. Ён прызнае, што сапраўды апублікоўваў ролікі, у якіх вельмі эмацыйна выказваўся, але ніякай змовы з Ціханоўскім і іншымі асобамі не было. Па арт. 369 КК блогер цалкам прызнаў віну і гатовы публічна прынесці прабачэнні.
Падчас допыту абвінавачваны адзначыў, што супрацоўнікі КДБ і следчыя лічылі яго правай рукой Ціханоўскага. „Яны хацелі ў мяне нешта выбіць, але я нічога не ведаў”, — сказаў ён.
У той жа час Няронскі адзначыў, што насамрэч Ціханоўскі яму не давяраў і за ўвесь час яны бачыліся чатыры-пяць разоў. Ціханоўскі дапамог яму стварыць YouTube-канал, а пасля крытыкаваў за рэзкі стыль ролікаў. Але змест відэа Няронскі не ўзгадняў з Ціханоўскім.
Паводле яго слоў, ён не знаёмы са Статкевічам, а з Севярынцам бачыўся адзін раз на прэзентацыі кнігі.
Пракурор запытаў у Няронскага, ці атрымліваў ён грошы за ролікі, на што той адказаў, што нават у паездках з Ціханоўскім сам набываў сабе каву. На пытанне, ці атрымліваў грошы Ціханоўскі ад іншых асоб або замежных дзяржаў, Няронскі адказаў, што ведае толькі, як Ціханоўскі збіраў грошы ў прамым эфіры на сваёй YouTube-пляцоўцы.
Абвінавачваны таксама распавёў пра сваё ўтрыманне пад вартай. „Я правёў у зняволенні 152 дні. 60 сутак — у адзіночцы. 21 раз за ўвесь час я схадзіў у душ. 12 этапаў, 24 поўныя вобшукі, правёў 5 дзён на свежым паветры. Прайшоў 50 судоў, 90 зняволеных, — сказаў ён. — У маім ІЧУ цяпер няма ацяплення. Мы голімся нагала, каб нас не заядалі вошы. Мяне на Акрэсціна тры дні трымалі ў спецыяльным памяшканні, дзе мяне з’ядаліся клапы”.
Паводле слоў Няронскага, „праз паўгода чалавек прывыкае да турмы”, таму яго „палохаць турмой бескарысна”, але ён не хоча, каб „працягваліся гэтыя суды”.
Уладзімір Няронскі быў затрыманы 6 мая 2020 года. Усяго па „справе Ціханоўскага” праходзіла больш за два дзясяткі чалавек.