Пачаўся рабочы візіт міністра абароны Беларусі ў Расейскую Федэрацыю
4—5 сакавіка праходзіць рабочы візіт міністра абароны Беларусі Віктара Хрэніна ў Расейскую Федэрацыю.
„У рамках візіту ў Мінабароны Расеі адбудуцца перамовы кіраўнікоў абаронных ведамстваў Беларусі і Расеі, падчас якіх плануецца абмеркаваць актуальныя пытанні двухбаковага ваеннага супрацоўніцтва”, — паведамляе беларускае ваеннае ведамства.
Аляксандр Лукашэнка 2 сакавіка на нарадзе аб беларуска-расейскім супрацоўніцтве ў ваеннай сферы расказаў аб нядаўніх перамовах з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным у Сочы. Супрацоўніцтву ў ваеннай сферы бакі надалі вялікую ўвагу, Беларусь і Расія маюць намер і далей дзейнічаць у рамках сумеснай групоўкі войскаў.
Пры гэтым Лукашэнка адзначыў, што расейская армія — „адна з наймацнейшых у свеце, і беларускім вайскоўцам было нядрэнна пераймаць перадавыя методыкі вядзення баявых дзеянняў, асвойваць найноўшае ўзбраенне разам з расійскімі вайскоўцамі”. „Вось гэты кірунак прэзідэнтам Расіі быў з натхненнем падтрыманы”, — сказаў Лукашэнка.
Ён нагадаў, што ў краін у 2014 годзе падчас правядзення чэмпіянату свету па хакеі быў вопыт, калі расейскія самалёты прыбылі ў Беларусь для нясення сумеснага дзяжурства з удзелам лётчыкаў абедзвюх краін. Лукашэнка лічыць, што і ў далейшым можна выкарыстоўваць гэты вопыт.
„Дайце нам гэтыя самалёты (дадаткова да наяўных у Беларусі). Але на гэтых самалётах, як тады, павінны лятаць расіяне і беларусы разам. А баз дастаткова, іх не трэба ствараць, навошта грошы марнаваць… Лепш купіць або пабудаваць новыя самалёты для гэтага”, — заявіў ён.
„Павінен сказаць, што непрымання ў прэзідэнта Расеі я не знайшоў. Вядома, калі яны змогуць базавацца на нашых базах і нашы хлопцы будуць лятаць разам з расіянамі, натуральна, трэба прасіць тады і ўзбраенне да гэтых самалётаў. І прытым самая сучасная зброя павінна быць. Мы не вядзем гаворку пра ядзерныя боегалоўкі. Мы вядзем гаворку пра звычайную зброю. Гэты блок, напэўна, быў самым шырокім у нашых перамовах”, — сказаў Лукашэнка.
Фота БелТА