Пачаўся суд над Надзеяй Саўчанкай
У Растоўскай вобласці пачаўся суд над Надзеяй Саўчанкай. Украінскую лётчыцу Надзею Саўчанку даставілі ў будынак Данецкага гарадскога суда ў Растоўскай вобласці, паведамляе карэспандэнт Граней.Ру .
Прэс-сакратар суда паведаміла журналістам, што з-за спякоты яны будуць дапушчаныя ў будынак суда, але не ў залу пасяджэнняў. Раней было абвешчана, што з меркаванняў бяспекі ў будынак суда нікога не пусцяць.
Перад пачаткам папярэдніх слуханняў па справе Надзеі Саўчанкі ў горадзе былі ўзмоцненыя меры бяспекі.
Каля суда дзяжураць нарады паліцыі, кінолагі з сабакамі абследуюць прылеглыя тэрыторыі.
На суседніх вуліцах забаронены праезд аўтамабіляў.
Між тым адвакат Саўчанкі Марк Фейгін заявіў, што зараз абмяркоўваецца магчымасць абмену яго падабароннай на затрыманых у Данбасе расейцаў Аляксандра Аляксандрава і Яўгена Ерофеева, перадае тэлеканал „112 Украіна”. „Перамовы, наколькі я ведаю, ідуць, перамовы – паміж спецслужбамі, і тэма абмену Саўчанкі на Аляксандрава, Ерофеева абмяркоўваецца”, – адзначыў Фейгін.
Абарона Надзеі таксама не хавае, што хутчэй за ўсё суд скончыцца абвінаваўчым прысудам, таму адвакаты заклікаюць сусветную грамадскасць не спыняць ціску на Крэмль.
Надзеі Саўчанцы пагражае да 25 гадоў турмы.
Фота grani.ru і ЕРА