Пачаўся збор подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі



21 мая пачынаецца збор подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі. Ён працягнецца да 19 чэрвеня ўключна.

Для рэгістрацыі ў якасці кандыдата на пасаду прэзідэнта неабходна сабраць не менш за 100 тысяч подпісаў.

Цэнтральная камісія па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў зарэгістравала 15 ініцыятыўных груп па вылучэнні грамадзян кандыдатамі на пасаду прэзідэнта Беларусі. Пасяджэнні ЦВК, падчас якіх было разгледжанае пытанне аб рэгістрацыі груп, адбыліся 15, 19 і 20 мая.

Зарэгістраваныя ініцыятыўныя групы па вылучэнні кандыдатамі ў прэзідэнты Беларусі:

— дзейнага кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі;

— старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алега Гайдукевіча;

— фермера з Гомельскага раёна Юрыя Ганцэвіча;

— члена Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзіміра Няпомняшчых;

— намесніка дырэктара ПГУП „Кісель В.В.” Наталлі Кісель;

— былога старшыні праўлення „Белгазпрамбанка” Віктара Бабарыкі;

— экс-кіраўніка Парку высокіх тэхналогій, былога чыноўніка і дыпламата Валерыя Цапкалы;

— старшыні партыі „Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада” Сяргея Чэрачня;

— сустаршыні аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Вольгі Кавальковай;

— былога дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ганны Канапацкай;

— сустаршыні грамадскага аб’яднання „Гавары праўду” Андрэя Дзмітрыева;

— Святланы Ціханоўскай, жонкі папулярнага відэаблогера Сяргея Ціханоўскага;

— лідара музычнага гурту Znich Алеся Таболіча;

— старшыні руху „За Свабоду” Юрыя Губарэвіча;

— в.а. старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Казлова.

Самыя шматлікія ініцыятыўныя групы, якія з сённяшняга дня зоймуцца зборам подпісаў выбаршчыкаў, — у Аляксандра Лукашэнкі (11.481 чалавек), Віктара Бабарыкі (8.905) і Алега Гайдукевіча (4.034).

Усяго ў ЦВК было пададзена 55 заяў аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп па вылучэнні грамадзян кандыдатамі на пасаду прэзідэнта на выбарах, прызначаных 9 жніўня. Гэта абсалютны рэкорд усіх прэзідэнцкіх кампаній у краіне.

belapan.by

Фота belnaviny.by