Пачынаецца афіцыйны візіт у Беларусь канцлера Аўстрыі



Федэральны канцлер Аўстрыі Себасцьян Курц наведае Беларусь 28—29 сакавіка.

Паводле інфармацыі пасольства Аўстрыі ў Беларусі, „у склад аўстрыйскай дэлегацыі ўваходзяць каля 40 чалавек — прадстаўнікі яўрэйскіх суполак, сваякі загінулых у Трасцянцы аўстрыйскіх яўрэяў, а таксама прадстаўнікі аўстрыйскай эканомікі”.

Себасцьян Курц разам з Аляксандрам Лукашэнкам прыме ўдзел у цырымоніі адкрыцця помніка „Масіў імёнаў” аўстрыйскім ахвярам на тэрыторыі былога лагера смерці Трасцянец.

29 сакавіка ў першай палове дня адбудуцца перамовы Курца з Лукашэнкам, пасля якіх яны плануюць выступіць з заявай для прэсы.

Напрыканцы візіту канцлер сустрэнецца з прэм`ер-міністрам Сяргеем Румасам, членамі беларускага ўрада і дзелавымі коламі.

Як паведаміла ведамства канцлера, на сустрэчы з Лукашэнкам Курц акрамя двухбаковых мае намер абмеркаваць адносіны па лініі ЕЗ — Беларусь, а таксама сітуацыю з правамі чалавека. У прэс-рэлізе прыводзіцца выказванне канцлера з нагоды адкрыцця помніка на тэрыторыі былога лагера: „Разам з Асвенцымам Малы Трасцянец — месца, дзе была больш за ўсё аўстрыйскіх ахвяр Халакоста. Таму для мяне вельмі важна, што з прэзідэнтам Лукашэнкам у Малым Трасцянцы мы зможам адкрыць помнік 10 тысячам аўстрыйскіх яўрэяў”. Паводле слоў Курца, такім чынам Аўстрыя пацвердзіць сваю гістарычную адказнасць за гэтыя неймаверныя злачынствы.

Себасцьян Курц заняў пасаду канцлера 18 снежня 2017 года пасля перамогі на датэрміновых парламенцкіх выбарах, стаўшы самым маладым кіраўніком урада ў Еўропе — на той момант яму быў 31 год.

У той жа дзень Курца павіншаваў Аляксандр Лукашэнка. „Спадзяюся, што на гэтай адказнай пасадзе вы будзеце і надалей садзейнічаць дружалюбным беларуска-аўстрыйскім адносінам, пашырэнню супрацоўніцтва ў розных галінах, умацаванню сувязяў паміж беларускім і аўстрыйскім народамі, а таксама канструктыўнаму ўзаемадзеянню Рэспублікі Беларусь і Еўрапейскага Звяза”, — гаварылася ў віншаванні.

29 мая 2018 года Курц і Лукашэнка пагаварылі па тэлефоне, абмяняўшыся запрашэннямі наведаць адпаведна Беларусь і Аўстрыю.

29 чэрвеня прэзідэнт Аўстрыі Аляксандр Ван дэр Бэлен разам з нямецкім калегам Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам узяў удзел у адкрыцці другой чаргі мемарыяльнага комплекса „Трасцянец”.

15 студзеня 2019 года Менск наведала міністр замежных спраў Аўстрыі Карын Кнайсль. Яна прыняла ўдзел у адкрыцці новага офіса пасольства сваёй краіны і паведаміла аб падрыхтоўцы візіту ў Беларусь Себасцьяна Курца для ўдзелу ў адкрыцці помніка ў Трасцянцы.

Кнайсль таксама сустрэлася са сваім беларускім калегам Уладзімірам Макеем, які адзначыў уклад Аўстрыі ў паляпшэнне адносін Беларусі з ЕЗ. „Я памятаю, як некалькі гадоў таму былы кіраўнік МЗС Себасцьян Курц запрасіў мяне з афіцыйным візітам наведаць Аўстрыю, — расказаў Макей. — Гэта было ў 2014 годзе, наша краіна тады знаходзілася пад санкцыямі Еўразвяза. І гэта быў вельмі смелы крок з яго боку. Я гэта вельмі цаню і лічу, што гэты і іншыя крокі з аўстрыйскага боку ўнеслі сваю лепту ў паляпшэнне адносін паміж Еўразвязам і Беларуссю”.

„Разам мы можам шмат чаго дасягнуць як у двухбаковых адносінах, так і ва ўмацаванні пазітыўнай атмасферы нашых адносін з Еўразвязам, — падкрэсліў на той сустрэчы Макей. — Гэта вельмі важна для нас, асабліва цяпер, калі сітуацыя ў нашым рэгіёне не паляпшаецца, а працягвае выклікаць сур`ёзную занепакоенасць у сувязі з працягам канфрантацыі”. Кіраўнік беларускага МЗС таксама заявіў, што Аўстрыя „трывала ўтрымлівае пазіцыі аднаго з вядучых інавацыйных партнёраў Беларусі і іграе важную ролю ў мадэрнізацыі цэлага шэрагу галін эканомікі краіны”.

19 сакавіка ў Менску прайшло 15-е пасяджэнне беларуска-аўстрыйскай міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве.

belapan.by