Пачынаецца рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты
З 9 па 18 студзеня ўключна ў Беларусі будзе праходзіць рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў, выбары якіх адбудуцца 18 лютага.
Рашэнне аб рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты будуць прымаць тэрытарыяльныя і акруговыя выбарчыя камісіі пасля праверкі адпаведнасці парадку вылучэння патрабаванням Выбарчага кодэкса.
Кандыдат у дэпутаты павінен мець грамадзянства Рэспублікі Беларусь, дасягнуць узросту 18 гадоў, не мець судзімасці, яго месца жыхарства або месца працы павінна знаходзіцца на тэрыторыі мясцовага савета дэпутатаў. Кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых саветаў таксама могуць быць грамадзяне Расейскай Федэрацыі, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
Выдача кандыдатам у дэпутаты мясцовых саветаў дэпутатаў пасведчанняў аб рэгістрацыі павінна праходзіць у двухдзённы тэрмін пасля прыняцця адпаведнага рашэння. Пасля гэтага кандыдат у дэпутаты можа пачаць агітацыйную кампанію, якая будзе праходзіць па 17 лютага ўключна.
Паводле даных ЦВК, на 27 снежня кандыдатамі было вылучана 7,7 тысячы чалавек. Пасля падвядзення вынікаў вылучэння гэтая лічба, верагодна, павялічыцца ў некалькі разоў, бо толькі зборам подпісаў за вылучэнне кандыдата ў дэпутаты займаліся 17,5 тыс. ініцыятыўных груп.
Дэпутаты будуць абірацца ў 1.309 мясцовых саветаў па 18.111 выбарчых акругах.
БелаПАН