Пачынаецца візіт прадстаўніка АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ



Прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Арлем Дэзір наведае Беларусь 18—20 сакавіка.

Згодна з па паведамленнем Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), ён сустрэнецца з прадстаўнікамі дзяржаўных органаў, кіраўнікамі і журналістамі сродкаў масавай інфармацыі, медыяэкспертамі.

Апошні раз прадстаўнікі БАЖ сустракаліся з Дэзірам у снежні 2018 года ў Вене, яны падрабязна інфармавалі яго аб найбольш вострых праблемах са свабодай слова ў Беларусі.

Француз Арлем Дэзір быў прызначаны прадстаўніком АБСЕ па свабодзе СМІ ў 2017 годзе і неаднаразова выказваўся па сітуацыі ў Беларусі. Ён, у прыватнасці, заклікаў улады не перашкаджаць дзейнасці СМІ, заяўляў аб недапушчальнасці пераследу журналістаў за працу без акрэдытацыі, выказваў занепакоенасць з нагоды змен у беларускае заканадаўства аб СМІ, заклікаючы прывесці яго ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі і абавязацельствамі АБСЕ. Дэзір каментаваў затрыманні журналістаў па „справе БелТА” і суд над галоўным рэдактарам партала tut.by Марынай Золатавай, вобыскі ў гродзенскіх журналістаў-фрылансараў.

belapan.by