Пачынаецца візіт у Беларусь гендырэктара МАГАТЭ (абноўлена)
Візіт генеральнага дырэктара Міжнароднага агенства па атамнай энэргіі (МАГАТЭ) Юкія Амана беларускія ўлады пастараюцца выкарыстаць для лабіравання на міжнародным узроўні Астравецкай АЭС, якая будуецца на мяжы з Літвой, што выклікае вялікую незадаволенасць гэтай краіны, – лічыць кіраўнік Руху салідарнасці „Разам” Вячаслаў Сіўчык. Па яго словах, візіт, хутчэй за ўсё, прымеркаваны да 30-й гадавіны катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Але, на жаль, тая катастрофа паказала беларусам, што яны могуць разлічваць толькі на саміх сябе:
– Калі здарыцца бяда , ніхто нам не дапаможа. І МАГАТЭ за ўвесь час, які мінуў пасля Чарнобыльскай катастрофы, нічога добрага па мінімізацыі наступстваў не зрабіў. Больш за тое, у звязку з тым, што гэтая арганізацыя займаецца развіццём атамнай энергетыкі, а пасля Чарнобыля адбыліся яшчэ страшныя катастрофы, яна ў прынцыпе лабіруе інтарэсы менавіта тых людзей, якія будуюць атамныя электрастанцыі.
Вячаслаў Сіўчык не выключае, што ўлады Беларусі паспрабуюць пераканаць кіраўніцтва МАГАТЭ ў бяспечнасці Астравецкай АЭС і зрабіць гэтую арганізацыю лабістам праекту. І гэта небяспечна, таму што праект і абсталяванне электрастанцыі – расейскай вытворчасці. А гэта краіна, па словах Вячаслава Сіўчыка, зараз уступіла ў перыяд дэградацыі. Таму выклікае недаваер яе магчымасць зрабіць надзейную і бяспечную атамную электрастанцыю. Таму Беларусь і яе народ чарговы раз становяцца закладнікамі чужых інтарэсаў і рашэнняў, – лічыць Вячаслаў Сіўчык.
* * *
Візіт кіраўніка МАГАТЭ сведчыць, што гэтая арганізацыя хоча гуляць больш важкую ролю ў развіцці ядзернай энергетыкі Беларусі, і ў прыватнасці, пры будаўніцве Астравецкай АЭС, – лічыць кіраўнік меснкай гарадской арганізацыі Руху „За свабоду”, эколаг Юрась Меляшкевіч.
Па яго меркаванні, прыярытэтам візіту будзе бяспечнасць АЭС:
– Атамная энергетыка сама па сабе вельмі небяспечная рэч. А кіраўнік МАГАТЭ якраз прыехаў наведаць наш вучэбны цэнтр, які прысвечаны абароне на выпадак надзвычайных здарэнняў на атамным рэактары, паглядзець, як у экстранай сітуацыі будуць працаваць нашыя службы. Гэта правільна.
Таму што атамная станцыя ва ўмовах аўтарытарызма, ва ўмовах непразрыстай, незразумелай сітуацыі з будаўніцтвам – вельмі вялікая небяспека і пагроза не толькі для Беларусі, але і для яе суседзяў, для ўсяго еўрапейскага кантыненту, – падкрэсліў Юрась Меляшкевіч.
* * *
Генеральны дырэктар Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ) Юкія Амана 18-20 красавіка наведае Беларусь.
Паводле інфармацыі беларускага МЗС, у праграме рабочага візіту — сустрэчы з міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем і прадстаўнікамі іншых органаў дзяржкіравання Беларусі, удзел у адкрыцці выставы „Атамэкспа Беларусь — 2016” у Менску, а таксама наведванне Рэспубліканскага цэнтра кіравання і рэагавання на надзвычайныя сітуацыі і будаўнічай пляцоўкі Беларускай АЭС у Астраўцы.
МАГАТЭ – орган тэхнічны, не можа даваць палітычнай ацэнкі дзейнасці той ці іншай дзяржавы і заставацца нейтральным. Таму наўрад ці пасля візіту Амана вырашацца спрэчныя пытанні вакол будаўніцтва АЭС у Астраўцы – да прыкладу, прэтэнзіі літоўскага боку.
Каментуе намеснік старшыні Беларускай партыі “Зялёныя” Дзмітрый Кучук:
– Грамадскія слуханні, якія праходзілі ў Астраўцы, яны не закраналі інтарэсы грамадзян Літвы. Людзі, якія былі зацікаўлены ва ўдзеле ў гэтых слуханнях, яны не маглі трапіць у Беларусь. Атамная станцыя ў Астраўцы будуецца фактычна на мяжы, у літоўскага боку не было такой магчымасці, гэта сур’ёзнае парушэнне, бо закранаецца тэрыторыя Літвы. МАГАТЭ дастаткова нейтральная арганізацыя, яна ў нейкай меры нават выступае ў падтрымку атамнай энергетыкі, таму хутчэй за ўсё МАГАТЭ будзе займаць нейкую нейтральную пазіцыю.
Як падкрэслівае Дзмітрый Кучук, беларускія і літоўскія грамадскія агранізацыі і тыя, хто пражывае на тэрыторыі побач з пляцоўкай Астравецай АЭС, мусяць самі бараніць свае інтарэсы.
Нагадаем, што ў сакавіку Літва заклікала Беларусь прыцягнуць міжнародных экспертаў для ацэнкі бяспекі будаўніцтва атамнай электрастанцыі побач з літоўскай мяжой.
МАГАТЭ — незалежная міжурадавая арганізацыя ў сістэме ААН са штаб-кватэрай у Вене, створаная ў 1957 годзе для развіцця супрацоўніцтва ў галіне мірнага выкарыстання атамнай энергіі. Беларусь з’яўляецца адным з заснавальнікаў агенцтва.
„Палітычныя кантакты ўрада Беларусі і кіраўніцтва МАГАТЭ ажыццяўляюцца на стабільна высокім узроўні”, — заявіў 14 красавіка на брыфінгу ў Менску прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык. Ён адзначыў, што ў мінулым годзе Беларусь была абрана ў Савет кіраўнікоў МАГАТЭ на 2015—2017 гады. Прыярытэтамі ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і агенцтвам прэс-сакратар МЗС назваў развіццё нацыянальнай ядзернай энергетычнай інфраструктуры, а таксама ахову здароўя, рэабілітацыю раёнаў, пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС.
Варта адзначыць, што кіраўніцтва МАГАТЭ неаднаразова выказвала гатоўнасць дапамагчы Беларусі ў арганізацыі бяспечнай эксплуатацыі будучай АЭС. „Пазіцыя МАГАТЭ такая, што мы не ўмешваемся ў рашэнне іншай краіны. Рашэнне павінна прыняць сама суверэнная дзяржава без знешняга ўмяшання — выкарыстоўваць атамную энергетыку ці не, — заяўляў Юкія Амана падчас візіту ў Казахстан у кастрычніку 2011 года. — Калі Беларусь вырашыла пабудаваць АЭС, МАГАТЭ гатова дапамагчы выкарыстоўваць атамную энергетыку як мага больш бяспечна і стабільна ў рамках магчымасцяў”.
У красавіку 2012 года гендырэктар МАГАТЭ наведваў Менск і абмяркоўваў пытанні будаўніцтва беларускай АЭС на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.
Паводле інфармацыі МЗС, у 2016 і 2017 гадах Беларусь плануюць наведаць ацэначныя місіі МАГАТЭ, якія азнаёмяцца з ходам будаўніцтва АЭС.
Беларуская АЭС узводзіцца ў Астравецкім раёне Гарадзенскай вобласці па праекце расейскай кампаніі „Атамбудэкспарт”. Генеральным праекціроўшчыкам і падрадчыкам таксама выступае расейская кампанія, ААТ „НІАЭП” — ЗАТ „АСЭ”. Станцыя будзе складацца з двух энергаблокаў сумарнай магутнасцю да 2.400 МВт. Увод у эксплуатацыю першага блока запланаваны на лістапад 2018 года, другога — на ліпень 2020 года.
Беларускае Радыё Рацыя, БелаПАН