Пачынаецца візіт у Беларусь прэзідэнта Малдовы



Ігар Дадон наведае Беларусь 12—14 ліпеня. Гэта яго першы прыезд у краіну ў якасці прэзідэнта Малдовы.

Як паведаміла прэс-служба прэзідэнта Беларусі, 13 ліпеня ў Віцебску адбудзецца сустрэча Дадона з Аляксандрам Лукашэнка. Кіраўнікі краін „плануюць абмеркаваць увесь спектр беларуска-малдаўскага супрацоўніцтва ў палітычнай і сацыяльна-эканамічнай сферах”.

У той жа дзень Ігар Дадон возьме ўдзел у адкрыцці XXVI Міжнароднага фестываля „Славянскі базар у Віцебску”. 

По звестках пасольства Рэспублікі Малдова ў Менску, Дадон плануе сустрэцца з малдаўскай дыяспарай, а таксама наведаць шэраг прадпрыемстваў, у тым ліку Мінскі трактарны завод, „Белкамунмаш”, музей Вялікай Айчыннай вайны, СТАА Fortex (Віцебск), некалькі вицебскіх музеяў. 

Наведаць Беларусь Ігара Дадона, абранага прэзідэнтам Малдовы ў лістападзе 2016 года, запрасіў Аляксандр Лукашэнка. Запрашэнне было перададзена Дадону падчас наведвання Малдовы беларускай урадавай дэлегацыяй на чале з віцэ-прэм’ерам Міхаілам Русым у снежні мінулага года.

Прыняўшы запрашэнне, Дадон тады заявіў, што Беларусь на чале з Лукашэнкам з`яўляецца прыкладам для Малдовы. „Вашай краіне ўдалося не толькі захаваць усё лепшае ў сацыяльна-эканамічным плане, што было ў СССР, але і прымножыць і развіць мадэлі ў новых, вельмі складаных рэаліях”, — цытавалі Дадона СМІ.

Папярэдні візіт прэзідэнта Малдовы ў Беларусь адбыўся ў ліпені 2015 года — тады кіраўніком гэтай дзяржавы быў Мікалай Цімофці. Аляксандр Лукашэнка апошні раз быў у Малдове з афіцыйным візітам у верасні 2014 года.

belapan.com