Пачынаецца збор подпісаў за кандыдатаў ад праціўнікаў акумулятарнага завода



Праціўнікі акумулятарнага завода „АйПаўэр” пачынаюць збор подпісаў за высоўванне на выбары ў Палату прадстаўнікоў сваіх кандыдатаў. Пра гэта на сваёй сатаронцы ў Facebook паведаміў берасцейскі блогер Сяргей Пятрухін.

Сярод кандыдатаў: Раман Кісляк, Аляксандр Кабанаў, Уладзімір Мароз і Алена Макарэвіч, якія зарэгістравалі свае ініцыятыўныя групы па ўсіх чатырох выбарчых акругах Берасця і раёна.

Кажа Раман Кісляк:

– Нам доўга не давалі праводзіць пікеты, таму тут мы ўжо адарвемся. Я спадзяюся, што мы пацешым Берасце – гэта будзе прыгожа, годна. Людзі павінны мець магчымасць высунуць кандыдатаў ад народа, а не толькі прадстаўнікоў улады. Паглядзіце, хто ў парламент высоўваецца. Нават калі гэта лекары, то адміністратары ўжо шмат гадоў. Калі з вытворчай сферы, то гэта таксама адміністратары. То бок улада прасоўвае сабе падобных.

Пікет будзе супольным для ўсіх чатырох кандыдатаў. Пачнецца ён а 16:00 і працягнецца да 20:00 каля кінатэатра „Беларусь”, што на вуліцы Савецкай у Берасці. Арганізатары пікета нагадваюць пра тое, каб жадаючыя пакінуць подпіс не забывалі пашпарты.

Кожнаму з іх для рэгістрацыі ў якасці кандыдата на выбарах, якія адбудуцца 17 лістапада 2019 года, патрэбна сабраць не менш за 1000 подпісаў.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце