Падарункі Лукашэнку да 9 жніўня



Працуючы па санкцыйным напрамку, мы, НАУ, вызначылі тры асноўныя мэты, якія рэалізаваныя ў санкцыях ЗША, ЕЗ, Канады і Вялікабрытаніі.

1. Санкцыі не спыняцца, як бы гэтага ні хацеў Лукашэнка. Пакуль рэжым не адмовіцца ад сваёй злачыннай і дэструктыўнай палітыкі, ціск будзе толькі нарастаць.

2. Гарманізацыя санкцый паміж рэжымам Лукашэнкі і Расеяй, каб закрыць магчымасці Расеі і рэжыму Лукашэнкі – напарніку па агрэсіі – пазбягаць ужо прынятых абмежаванняў. У гэтым напрамку зроблены чарговы істотны крок.

3. Адказнасць за вайну і парушэнні правоў чалавека. Ніхто не сыдзе ад адказнасці за ўчыненыя злачынствы, персанальныя санкцыі і далей будуць пашырацца (ЕЗ і ЗША ў прынятых зараз пакетах санкцыянавалі 139 фізічных асоб), а тым, хто працягвае ўчыняць злачынствы, раім ужо зараз задумацца аб наступствах.

Пасля санкцый ЕЗ і Вялікабрытаніі, санкцыі ЗША сталі трэцім ударам па сістэме Лукашэнкі за апошні тыдзень. Пад агучаныя ўчора амерыканскія санкцыі патрапілі як фізічныя, так і юрыдычныя асобы. Мы „прызямлілі” яшчэ адзін самалёт Лукашэнкі. Акрамя таго, некаторыя, хто думаў абыходзіць санкцыі, зараз некалькі разоў падумаюць, перш чым паспрабаваць гэта зрабіць зноў.

Чацвёрты ўдар – санкцыі Канады. Тут фізічныя і юрыдычныя асобы (ВПК, прапаганда, чыноўнікі, суддзі, асяроддзе Лукашэнкі). Але самае галоўнае – пад санкцыямі Аляксей Талай і яго фонд. І гэта толькі пачатак. Адкажуць усе, хто мае дачыненне да незаконнага перамяшчэння і перавыхавання ўкраінскіх дзяцей у Беларусі. Ціск будзе толькі павялічвацца!

Паводле прэс-рэлізу