Падпольнае жыццё ў Беларусі



У Польшчы, Літве і Грузіі мне даводзілася не раз сустракаць людзей з Беларусі, якія прыязджаюць на час. Каб пабачыцца са сваімі сваякмі і сябрамі, якія былі вымушаныя выехаць за мяжу. 

Адна з асаблівасцяў знаходжання ў дыктатарскай краіне ў тым, што пра пазітыўнае нельга адкрыта казаць.

Таму беларусы і ў замежжы, і ўнутры краіны ў асноўным спажываюць адмоўныя навіны.

Мы ведаем пра затрыманні, арышты, катаванні, пра абсалютна адмарожаныя выказванні прапагандыстаў, і нам часта здаецца, што пекла на Зямлі ўжо даўно, і яно ў Беларусі.

Але жывыя кантакты сведчаць, што жыццё працягваецца насуперак высілкам лукашыстаў.

Я сустракаў беларусаў, якія робяць свой бізнес, напрыклад, у Менску. І з заробленых грошай дапамагаюць сем’ям палітзняволеных.

Я краем вока бачу ў сацсетках, што ў Беларусі працягваецца культурнае жыццё. Дзесьці музыканты граюць на кватэрніках, дзесьці ладзяцца паказы фільмаў, дзесьці арганізоўваюцца мастацкія выставы.

Так, для чалавека з вольных тэрыторый мой аптымізм можа падацца дзіўным. Маўляў, што ж тут радавацца, калі жыццё адбываецца практычна падпольна.

Але я парырую, бо ведаю кантэкст. А кантэкст такі, што генеральна Лукашэнка на замову Крамля хацеў бы знішчыць усё беларускае і ўсё свабода арыентаванае, што ёсць у Беларусі.

Памятаю як у 2020 годзе польскі ўрад рыхтаваўся прыняць да паўмільёна бежанцаў з Беларусі.

Пазней лічылі, што ўсіх уцекачоў ад рэжыму Лукашэнкі каля пяцісот тысяч.

Апошнія замеры даюць дыяпазон ад двухсот да трохсот тысяч беларусаў, якія выехалі на сталае жыхарства з краіны за апошнія тры гады.

То бок меркаваны сыход перавялічылі разы ў два.

Цяпер згадаем, што больш за мільён беларусаў хоць раз выходзілі на акцыі пратэсту. Пазначым, што далёка не ўсе, хто выехаў, удзельнічалі ў акцыях за дэмакратычную Беларусь. І ў выніку маем, што большасць грамадска актыўных беларусаў застаецца дома.

Мяркую, што сэнс тэрору, які развязаў Лукашэнка супраць беларусаў, быў акурат у тым, каб падштурхнуць да масавага зыходу. Каб у краіне засталіся толькі паслухмяныя. «Пакорныя», як сказаў колішні міністр унутраных справаў Юры Караеў. Вертухай па адукацыі і прызванні.

Для яго Беларуская рэвалюцыя была «бунтам на зоне».

Беларусь і праўда падобная да зоны, але тое, што большасць свабодалюбівых людзей застаецца ў краіне, сведчыць, што людзі вераць у перамены. І гатовыя трываць і рызыкаваць.

А беларусы ў замежжы мусяць усяляк дапамагаць. Не толькі матэрыяльна, але і маральна.

Аднаўляць рэальнае палітычнае жыццё, даваць надзею на тое, што з-за мяжы палітычна актыўныя беларусы вернуцца падрыхтаванымі. Што будзе каму браць уладу ў свае рукі.

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя