Падтрымліваць Пуціна – антыдэмакратычна?



Надзея Саўчанка – злачынца. Такое выказванне прагучала ад беларускай прадстаўніцы „Справядлівага свету”, партыі якая дэкларуе сябе пераемнікам камуністычнай партыі, але з больш дэмакратычнымі поглядамі. Меркаванне Людмілы Дзенісенкі прагучала на Беларускім Радыё Рацыя і выклікала абурэнне ў беларускім сегменце сацыяльных сетак.

IMG_0685

kanius

chilmanovich

У расейскім Данецку на тэрыторыі Растоўскай вобласці судзяць украінскую лётчыцу Надзею Саўчанку. Следчы камітэт яе абвінавачвае ў забойстве двух расейскіх журналістаў, замаху на жыццё жыхароў Луганскай вобласці ды незаконным перасячэнні расейскай мяжы. Адвакаты даказваюць, што іх падабаронную яшчэ да гэтых падзеяй выкралі, яна трапіла ў палон да так званых „баевікоў” Луганскай народнай рэспублікі, а потым перадалі расейскім спецслужбам.

– „Партыя не давала гэтым падзеям ацэнку. І не лічыць для сябе прыярытэтным гэта пытанне”, – кажа лідар партыі Сяргей Калякін.

Паводле яго сябры партыі могуць самастойна выказваць меркаванні на гэты конт і яны розныя.

Кіраўніца берасцейскай арганізацыі „Справядлівага свету” называе Надзею Саўчанку злычынцай.

„Вінаватая, бо… наводзіла агонь на блокпасты апалчэнцаў, дзе, увага… знаходзіліся „мірныя жыхары””, – гучыць асноўны аргумент ад былой ваеннаслужачай Людмілы Дзенісенкі.

283631_424650214243382_1299586307_n– Наводзіла агонь на блокпасты апалчэнцаў, дзе знаходзіліся мірныя жыхары. А кожны вайсковы чалавек, усведамляе, што можа стаяць за тым, калі цябе арыштуе другі бок. Невыпадкова вайскоўцы так рана выходзяць на пенсію, і ў іх высокія заробкі, бо адказнасць высокая.

РР: Вам не падаецца нелагічным той факт, што ваююць тысячы людзей па розныя бакі, а судзяць толькі Надзею Саўчанку. Адвакаты даказваюць…

Людміла Дзенісенка: Не, вы пачынаеце мяне пераконваць у іншым…

РР: Не, я толькі пытаюся пра вашае меркаванне, якое хачу даведацца…

Людміла Дзенісенка: Па-першае, Саўчанка – афіцэр. Яна ж афіцэр, лётчыца. Гэта ж не проста нейкага шэраговага судзяць, а судзяць афіцэра, якая трапіла ў палон і вось зараз яе судзяць з усёй адказнасцю.

Людміла Дзенісенка (Фота Facebook.com)

Па логіцы Людмілы Дзенісенскі, судзіць павінны і сепаратыстаў, альбо апалчэнцаў, як яна іх называе – але адказу на гэта пытанне берасцейскі палітык не дае…

– 23 гады просяць, але я думаю, што ёй дадуць меней напэўна. Пракурор заўсёды просіць больш, а ў выніку заўсёды даюць меней – працягвае Людміла Дзенісенка.

РР: А як Вы думаеце ў такім выпадку калі сепаратыстаў?

Людміла Дзенісенка: Каго-каго?  

РР: Сепаратыстаў калі будуць судзіць, якія таксама забіваюць мірных жыхароў, бо там вайна, а яны ваююць па другі бок?

Людміла Дзенісенка: Што-што? Каго будуць судзіць?

РР: Сепаратыстаў…

Людміла Дзенісенка: Ну я ж тады сказала ў інтэрв’ю. Калі расейскага афіцэра… гэта я так кажу віртуальна… калі расейскі афіцэр трапіць у палон ва Украіне, то будзе праведзены абмен. Калі гэта палічаць патрэбным. Так было. Мяняюць. Сепаратысты мяняюць… я іх называю апалчэнцамі… мяняюць з украінцамі сваіх палонных. Есць такое палажэнне ў войску: абмен ваеннапалоннымі.

– І не гледзячы на тое, што я паважаю, сваю калегу з Берасця, каардынальна з ёй не згодны, – кажа сябра партыі „Справядлівы свет” са Жлобіна Валерый Рыбчанка.

Па-першае, няма ніякіх доказаў віны той жа Саўчанкі, паколькі яе проста скралі і на сённяшні дзень ідзе скрытае пасяджэнне ў Расеі. Міжнародная супольнасць не мае магчымасці паглядзець тую справу і тыя дакументы, што там разглядаюцца. Другое, на Данбасе справабавалі панаваць расейскія спецслужбы, так званыя „зялёныя чалавечкі”, якія там знаходзіліся незаконна. І самае галоўнае, што Саўчанка – гэта патрыёт сваёй краіны. Герой Украіны, а героям Слава.

Валер Рыбчанка

Валерый Рыбчанка (Фота svaboda.org)

РР: Адвакаты даказваюць, што Надея Саўчанка не вінаватая бо, яе захапілі ў палон яшчэ перад тымі падзеямі, у якіх яе абвінавачваюць. А вы больш верыце расейскаму суду і расейскаму Следчаму камітэту…

Людміла Дзенісенка: Я не веру… Я не кажу пра расейскі суд. Я сказала, што Саўчанка прызналася на судзе, што яны была карэкціроўшчыцай, прызнала сваю вінаватасць. Яна гэта сама сказала на судзе. Я гэта чула. Я не слухаю адвакатаў. Чалавек прызнаўся, што што яна займалася карэкціроўкай артылерыйскага вагню. Я сама служыла ў зенітна-ракетна-артылерыйскай групе супраць паветранай абароны і я гэта вельмі дакладна разумею. Чалавек прызнаў, што была справа. Значыць, калі яна гэтым займалася, то за гэта павінна панесці адказнасць. Калі агонь накрывае блок-пост там могуць увогуле застацца толькі прабачце… хм…  парэшткі альбо целаў, альбо бетонных слупоў і так далей.

РР: Паводле Вас, яна вінаватая ў тым, што яна вайсковец і ў тым, што яе Радзіма адправіла абараняць…

Людміла Дзенісенка: Не-не… Я не казала, што яна вінаватая ў тым, што яна – вайсковец. Я кажу, што калі яна чалавек вайсковы, яна ведала, што панясе адказнасць. Вось гэта я сказала, таму што і расейскія вайскоўцы… эээ… украінскія вайскоўцы даюць прысягу, што яны будуць выконваць загады, але… за гэтыя загады потым адказваюць той, хто іх выконвае.

РР: Я імкнуся зрузумець вашую пазіцыю, бо ведаеце…

Людміла Дзенісенка: Я Вам сказала, расклала па палічках дакладна, што і як…

РР: Увесь свет верыць адвакатам, а вы гаворыце пра тое, што нават адвакатаў не слухаеце.

Людміла Дзенісенка: Я нічога не кажу. Ніякіх там адвакатаў. Я сказала, што я пачула на судзе. Там яна сказала, што была карэкціроўшчыцай. Магчыма камусьці трэба яшчэ нешта тлумачыць – для мяне ўсё ясна.

РР: Гэта палітычная справа і палічны суд…

Людміла Дзенісенка: У Берасці многія выступаюць супраць, а некаторыя выступаюць „за”, як, напрыклад, многія вайскоўцы, апытайце вайскоўцаў, вось яны лічаць, што ўсё правільна. Мы размаўлялі з былымі вайскоўцамі. Яны кажуць, што вельмі правільна зрабілі расейскія ўлады, што Саўчанку судзяць. Яна ж магла адмовіцца…

РР: Але Вы як вайсковец – лічыце, што на вайне можна было адмовіцца ад загаду…

Людміла Дзенісенка: Канеше, ёсць выпадкі, калі вайскоўцы адмаўляюцца ад выканання загадаў. Гэта ж вайна. Вы памятаеце, Вялікую айчыную вайну.

РР: Я – малады, каб памятаць… напэўна, як і Вы, больш пра яе ведаем з гісторыі чымсьці памятаем…

Людміла Дзенісенка: Я сама гісторык. У мяне бацька быў удзельнікам Вялікай айчынай вайны. Мой муж – афіцэр, пенсіянер. Сама я жыла на Далёкім Усходзе, у Забайкаллі. Усё гэта я бачыла і чула з першых вуснаў.

РР: Атрымліваецца, што той вайны ўвогуле не павінна быць. Уявіце, што сепаратысты захопліваюць украінскія тэрыторыі, а украінскія вайскоўцы адмаўляюцца, як вы кажаце, выконваць загады.

Людміла Дзенісенка: Я не называю, што сепаратысты, я называю іх апалчэнцамі. Бачыце ў нас нават па гэтым пытанні погляды розныя. Апалчэнцы… сепаратысты. У вас гэта сепаратысты, у мяне – апалчэнцы.

– Гэта выхадцы з Расеі – кажа Валерый Рыбчанка са Жлобіна пра выказванні Людмілы Дзенісенкі і іншых сябраў партыі „Справядлівы свет”, якія прытрымліваюцца такой жа пазіцыі.

Паводле жлобінскага палітыка, іншай пазіцыі Людміла Дзенісенка не можа мець, бо ў мінулым расейскі ды савецкі вайсковец.

– Таму яны за мінулае, „за вялікую Расею”, за Пуціна… а мы сёння ў партыі, мая пазіцыя такая – кажа Валерый Рыбчанка, што Пуцін – не дэмакратычны палітык. З пункту гледжання той жа Дзенісенкі – Пуцін – добры чалавек і кіраўнік.

Калі ж гэта пытанне разглядаць з пункту гледжання нашай партыйнай праграмы, то мы за дэмакратыю, але ж Пуцін – не дэмакрат. Гэта ўжо ўсімі пацверджана. Пра гэта сведчаць і тыя ж санкцыі супраць Пуціна і яго асяродка, накладзеныя цывілізаваным светам. На мой погляд, падтрымліваць Пуціна і яго ўладу – гэта антыпартыйна і антыдэмакратычна.

Сяргей Калякін

Сяргей Калякін (Фота delfi.lt)

У партыі „Справядлівы свет” увогуле няма агульнай пазіцыі. Растатаўляе кропкі на і. – старшыня Сяргей Калякін, бо Саўчанка „не сябра партыі і нават не грамадзянка Беларусі”.

– І таму выказванні Дзенісенкі і іншых сябраў партыі абсалютна розныя і гэта іх асабістае меркаванне, на якое яны маюць права ў адпаведнасці і са статутам партыі і з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь.

РР: А якое ваша асабістае меркаванне як лідара партыі на гэты конт? Вы ўжо сказалі, што не зусім звяртаеце ўвагу на гэтую справу.

– З таго, што я ведаю, калі яна сапраўды ўдзельнічала і была карэкціроўшчыцай па віне якой загінулі журналісты, дык яе затрымалі за парушэнне законаў і яна павінна быць асуджана. Калі ж яна гэтага не рабіла яна не павінна быць асуджана. Чалавек, які не здзяйсняў злачынстваў не павінен быць пакараны, а калі здзяйсняў дык і пакараны павінен быць. Вось маё меркаванне. Але я яшчэ раз паўтараю, што глыбока не даследаваў падрабязнасцяў працэсу і таго, што ёй інкрымінуюць. Адзінае што, я адсочваю, як і ўсе, навіны і наколькі мне вядома ніякага рашэння суда па справе Саўчанкі пакуль няма.

РР: А з якіх крыніцаў вы чэрпаеце навіны?

– З тых, якія ёсць: тэлебачанне, радыё, інтэрнэт.

РР: Расейскае тэлебачанне?

– Беларускае. Але яшчэ раз кажу: для мяне гэта не першараднае пытанне. Саўчанка не сябра нашай партыі, не грамадзянка нашай краіны, я не надта адсочваю гэта. Таму цяжка даваць нейкія ацэнкі таму, чаго я не ведаю.

РР: А вы верыце ў тое, што расейскі суд — „самы гуманны суд свету”, ці гэта ўсё ж палітычная расправа?

– Я не даю ацэнку расейскаму правасуддзю. Я не звязаны з ім і не ведаю гэтай справы, гэтага суддзі, гэтага суда. Вы спрабуеце атрымаць ад мяне адказ на пытанне, якога я не ведаю.

А міжнародная супольнасць заклікае Уладзіміра Пуціна вызваліць Надзяю Саўчанку, якую прызнаюць закладніцай расейскай палітычнай сістэмы. Рашэннем „Мемарыяла” Надзея Саўчанка афіцыйна прызнана палітычным вязнем. Народны дэпутат Украіны 8-га склікання. Дэлегат у Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя.