Пагадненне аб прыярытэтах партнёрства Беларусь і ЕЗ падпішуць сёлета



Пагадненне аб прыярытэтах партнёрства на 2018—2020 гады Беларусь і Еўразвяз падпішуць сёлета, паведаміў еўракамісар па еўрапейскай палітыцы суседства і перамовах аб пашырэнні ЕЗ Ёханес Хан 22 чэрвеня на прэс-канферэнцыі ў Менску.

„Пасля сустрэч з прэзідэнтам і міністрам замежных спраў я ўпэўнены, што вельмі хутка гэтае пагадненне будзе гатовае, і мы яго падпішам сёлета, — сказаў Хан. — Яно стане асновай для больш інтэнсіўнага супрацоўніцтва паміж намі, умацуе нашы эканамічныя адносіны”.

Паводле слоў еўракамісара, падпісанне пагаднення будзе пазітыўным сігналам для еўрапейскіх інвестараў і адкрые новыя магчымасці для бізнесу.

Кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей дадаў, што пагадненне аб прыярытэтах партнёрства — гэта дарожная карта адносін Беларусі і ЕЗ да 2020 года. „Гэтыя прыярытэты тычацца ўсіх сфер нашых адносін, — сказаў Макей. — Для нас, як нам здаецца, заключэнне гэтых прыярытэтаў партнёрства вельмі важнае, таму што гэта створыць глебу для больш цеснага ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і ЕЗ”.

belapan.by