Пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму можа быць падпісана ў чэрвені



Пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму паміж Еўрапейскім Звязам і Беларуссю можа быць падпісанае да канца старшынства Латвіі ў Еўразвязе – да 1 ліпеня 2015 года. Пра гэта заявіў дзяржаўны сакратар Міністэрства замежных спраў Латвіі Андрэйс Пілдэговічс: “У пятніцу мы будзем абмяркоўваць гэтыя тэмы, але канкрэтна падпісаць дакументы мы спадзяёмся ў сярэдзіне чэрвеня».

Спрашчэнне візавага рэжыму дасць пэўныя выгоды грамадзянам Беларусі. Яны на сённяшні дзень параўнальна з бліжэйшымі суседзямі — з Расейскай Федэрацыяй і Украінай — знаходзяцца ў горшых умовах для наведвання краін Еўрапейскага Звязу. Калі нашы суседзі плацяць за шэнгенскую візу 35 еўра, дык грамадзяне Беларусі мусяць плаціць за яе 60 еўра. Калі ж пачне дзейнічаць паслабленне, то і беларусам віза будзе каштаваць 35 еўра.

Перамовы паміж Бруселем і Менскам пра спрашчэнне візавага рэжыму ўзнавіліся ў чэрвені 2014 года. Першапачаткова бакі заяўлялі, што гатовыя падпісаць неабходныя дакументы 22 траўня на саміце «Ўсходняга партнёрства». Аднак цяпер стала вядома, што парафіраванне дамовы адкладваецца на месяц.

Беларускае Радыё Рацыя