Пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму з ЕЗ хутка паступіць у парламент
Законапраект аб ратыфікацыі пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму з ЕЗ у бліжэйшы час паступіць у Палату прадстаўнікоў, паведаміў старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Андрэй Савіных.
Паводле слоў парламентарыя, законапраект «вось-вось паступіць у Палату прадстаўнікоў» і дэпутаты пачнуць рыхтаваць яго да разгляду ў Авальнай зале.
Як паведамлялася, беларускія парламентарыі плануюць ратыфікаваць пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму з ЕЗ на вясенняй сесіі. Яно будзе садзейнічаць аблягчэнню паездак грамадзян, развіццю міжнародных, у тым ліку турыстычных, кантактаў, а таксама ўмацаванню атмасферы даверу і ўзаемаразумення паміж народамі.
Беларусь і Еўрапейскі звз падпісалі пагадненне 8 студзеня ў Бруселі. Дакумент прадугледжвае ўзаемнае аблягчэнне візавых працэдур для шырокай катэгорыі грамадзян і зніжэнне збору. Пры гэтым будзе забяспечана права грамадзян звяртацца за атрыманнем віз як у пасольствы еўрапейскіх краін, так і ў візавыя цэнтры.
Кошт «шэнгена» для беларусаў знізіцца да 35 еўра, а рашэнне аб выдачы візы будзе прымацца ў тэрмін да 10 дзён (у выпадку дадатковай праверкі тэрмін можа павялічыцца да 30 дзён). Шматлікія катэгорыі грамадзян у залежнасці ад мэты паездкі змогуць звяртацца за візай без выплаты збору і атрымліваць шматразовыя візы з больш доўгім тэрмінам дзеяння ў спрошчаным парадку. Беларуская віза для грамадзян ЕЗ таксама патаннее да 35 еўра. Акрамя таго, будзе павялічаны пералік падстаў для выдачы бясплатных віз у некамерцыйных мэтах. Тэрмін знаходжання іншаземцаў у Беларусі павялічыцца ў два разы: з 90 дзён на год (цяпер) да 180.
Дакументы павінны быць ратыфікаваны Нацыянальным сходам Беларусі і адобраны Еўрапейскім парламентам. Пачнуць яны дзейнічаць у першы дзень другога месяца пасля даты інфармавання бакамі адзін аднаго аб завяршэнні працэдур ратыфікацыі. Прадугледжваецца, што візавае пагадненне ўступіць у сілу ў чэрвені 2020 года.