Увесну Беларусь і Расея могуць падпісаць пагадненне аб узаемным прызнанні віз
Пагадненне паміж Беларуссю і Расіяй аб узаемным прызнанні віз можа быць падпісанае ўжо ў красавіку-маі гэтага года, паведаміў 7 лютага на прэс-канферэнцыі ў Менску пасол Расеі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў.
„МЗС Расеі і Беларусі сумесна з іншымі зацікаўленымі ведамствамі працягваюць распрацоўку пагаднення аб узаемным прызнанні віз і па іншых пытаннях, звязаных з уездам грамадзян трэціх краін на тэрыторыю Саюзнай дзяржавы”, — сказаў дыпламат.
Паводле яго слоў, кансультацыі экспертаў па гэтым пытанні працягваюцца. „У канцы студзеня беларускі бок перадаў дапрацаваны праект пагаднення і прапанаваў правесці ў Менску чарговы раўнд кансультацый. Мне здаецца, ён будзе апошнім. Канстатуем, што праект знаходзіцца ў высокай ступені гатоўнасці”, — заявіў расейскі пасол і падкрэсліў, што пасля прыняцця пагаднення ніякіх віз грамадзянам дзвюх краін не спатрэбіцца.
Пытанне пра ўзаемнае прызнанне віз з РФ разглядалася 11 студзеня на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі. Беларускі кіраўнік паставіў задачу на працягу 2018 года ўрэгуляваць рознагалоссі ў памежнай сферы з Расеяй. „Беларуска-расійская мяжа набыла негалосны статус, як яе часта называюць у інтэрнэце і ўсюды, „самай дзіўнай мяжы ў Еўропе”, — сказаў ён. — Расейскі бок без афіцыйнага паведамлення пачаў ажыццяўляць паўнавартасны пашпартны кантроль у дачыненні да ўсіх асоб, якія едуць на аўтамабільным транспарце, а затым — на авія- і чыгуначным”.
15 студзеня міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў заявіў, што Беларусь і Расея падпішуць дамову аб узаемным прызнанні віз найбліжэйшым часам. „Каб мяжа была празрыстая, трэба, каб нашы дзеянні былі сінхранізаваныя. Так што мы цалкам за тое, каб у нас наогул не было ніякіх межаў”, — сказаў Лаўроў. „Але калі ва ўмовах, вельмі няпростых для Расеі з пункта гледжання тэрарыстычных пагроз, беларускія сябры літаральна без папярэджання абвясцілі, што 80 краін маюць права для сваіх грамадзян бязвізава ўязджаць у Беларусь на некалькі дзён, гэта, вядома жа, дало некаторы разнабой у сітуацыю”, — дадаў ён.
18 студзеня Беларусь перадала расейскаму боку абноўлены праект пагаднення аб узаемным прызнанні візаў.
Фота TUT.BY