Пагадненні пра спрашчэнне выдачы віз і рэадмісіі афіцыйна апублікаваныя



На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 14 красавіка апублікаваныя падпісаныя Аляксандрам Лукашэнкам 9 красавіка законы аб ратыфікацыі пагадненняў з Еўразвязам пра спрашчэнне выдачы віз і аб рэадмісіі асоб, якія знаходзяцца без дазволу. Такім чынам, Беларусь завяршыла працэдуру ратыфікацыі гэтых дакументаў.

Абодва законы былі прынятыя Палатай прадстаўнікоў і аўхваленыя Саветам Рэспублікі 2 красавіка. Пагадненні падпісаныя 8 студзеня гэтага года ў Бруселі.

У адпаведнасці з пагадненнем аб спрашчэнні выдачы віз кошт кароткатэрміновых шэнгенскіх віз для беларускіх грамадзян зніжаецца з 80 да 35 еўра. Скарачаецца спіс дакументаў, якія неабходныя для звароту па візы, прадугледжваецца магчымасць выдачы шматразовых віз на тэрмін ад аднаго года да пяці гадоў. Тэрмін прыняцця рашэння аб выдачы візы скароціцца да 10 дзён, многія катэгорыі грамадзян змогуць звяртацца па бясплатныя візы.

Пагадненне аб рэадмісіі прадугледжвае, што Беларусь і Еўразвяз павінны ажыццяўляць зваротны прыём на сваю тэрыторыю ўласных грамадзян, грамадзян трэціх дзяржаў і асоб без грамадзянства, якія не адпавядаюць альбо перасталі адпавядаць крытэрыям легальнасці на тэрыторыях адзін аднаго. У пагадненні замацаваны двухгадовы пераходны перыяд для Беларусі ў дачыненні да рэадмісіі грамадзян трэціх краін. У сумеснай дэкларацыі да пагаднення ўтрымліваецца абавязацельства ЕЗ пра аказанне краіне тэхнічнай і фінансавай падтрымкі ў гэтай галіне.

Палажэнні пагадненняў пачнуць прымяняцца ў першы дзень другога месяца пасля абмену паведамленнямі пра выкананне бакамі ўнутраных працэдур (з боку ЕЗ — у Еўрапарламенце). Раней прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі паведаміла, што пагадненні могуць набыць моц у чэрвені гэтага года.

У сувязі з каранцінам, уведзеным з-за пандэміі каранавіруса COVID-19, мяжа ЕЗ для пераважнай большасці грамадзян трэціх краін пакуль закрытая.

belapan.by