Паглыбленую інтэграцыю Расеі і Беларусі абмеркавалі ў Менску (абноўлена)
У Менску адбылося паседжанне экспертнага клубу, створанага цэнтрам „Еўрапейскі дыялог”. Тэма абмеркавання – небяспека беларуска-расейскай інтэграцыі.
Па словах кіраўніка „Еўрапейскага дыялогу” і мадэратара дыскусіі Анатоля Лябедзькі, гэтая тэма з’яўляецца зараз і самай важнай для беларускага грамадства, прынамсі для палітычна актыўнай часткі беларускага грамадства. Адметнасцю гэтага паседжання было тое, што ў ім удзельнічаў расейскі палітык Леанід Гозман. Таму погляд расейскай дэмакратычнай супольнасці таксама быў прадстаўлены.
Кажа Анатоль Лябедзька:
– Зараз вельмі важна не толькі абмен думкамі, але і спроба сфармуляваць нейкія прапановы: а што рабіць? Я думаю, што сёння гэта ў пэўнай ступені атрымалася, як мінімум 4-5 пунктаў, якія можна пасля гэтай дыскусіі рэкамендаваць палітычным партыям і рухам. І ў гэтым ёсць практычны вынік канферэнцыі.
Анатоль Лябедька падкрэсліў, што галоўныя высновы дыскусіі – гэта неабходнасць актывізацыі і кансалідацыі беларускага грамадства, каб быць гатовым для абароны незалежнасці. Неабходна таксама звярнуцца да дэмакратычный супольнасці Расеі з прапановай заняць выразную пазіцыю ў падтрымцы незалежнасці Беларусі. Трэба таксама нагадаць аб небяспецы паглынання Беларусі і краінам Еўразвязу, таму што такі ход падзеяў стварае непасрэдную небяспеку і для іх, асабліва краінаў суседніх з Беларуссю.
На думку расейскага палітыка Леаніда Гозмана, на перамовах кіраўнікоў Беларусі і Расеі ў Сочы па пытаннях паглыбленай інтэграцыі Уладзімір Пуцін пацярпеў абсалютны правал.
Па меркаванні расейскага палітыка, галоўнай мэтай Пуціна з’яўляецца паступовая анексія Беларусі, стварэнне новай дзяржавы, якую ён узначаліць. Таму што ў 2024 годзе сканчаецца апошні легітымны прэзідэнцкі тэрмін кіраўніка Расеі:
– Я думаю, што ніякага іншага інтарэсу ў Расейскай Федэрацыі зараз няма. Аляксандр Рыгоравіч ім ужо некалькі разоў заявіў, што ён незалежнасць не аддасць. Зразумела, што Уладзімір Уладзіміравіч хоча яго нечым купіць. Чым ён можа купіць, не зусім зразумела. Я думаю, што ў Аляксандра Рыгоравіча нейкая колькасць мільярдаў даляраў дзесьці на агародзе закапана. Ён – наўрад ці бедны чалавек, грошы яму не вельмі патрэбныя. Зараз ён – цар, а яму прапаноўваць пасаду намесніка цара – гэта ж менш прэстыжная пасада. Зараз у яго ёсць шанец застацца ў гісторыі будаўніком беларускай дзяржавы.
А калі Лукашэнка не вытрымае ціску Крамля, то ён застанецца ў гісторыі з абсалютна супрацьлеглым, адмоўным для Беларусі знакам. Усё гэта прымушае яго не паддавацца ціску кіраўніцтва Расеі, – кажа Леанід Гозман.
Па меры набліжэння чарговых перамоваў кіраўнікоў Расеі і Беларусі сітуацыя вакол так званай «паглыбленай інтэграцыі» краінаў у межах саюзнай дзяржавы становіцца ўсё больш драматычнай, – лічыць палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.
Па словах Аляксандра Класкоўскага, з аднаго боку кіраўнік Беларусі нагамі і рукамі ўпіраецца, бо як мінімум, не хоча рызыкаваць сваёй уладай. Але Масква цісне, як ніколі:
– Хтосьці кажа, што былі ўжо падобныя сітуацыі, згадваюць 2010 год з «хросным бацькам». Цяпер якасна іншая сітуацыя, бо Масква закруціла кран і не дае прэферэнцый. І фактычна яна накідае Лукашэнку такое пакетнае пагадненне апрыёры не выгаднае для беларускага боку. Па-першае, з імперыяй не можа быць выключна эканамічнай інтэграцыі. Дзве краіны, адзін рынак – гэта азначае эканамічную дамінацыю Расеі, і гэта страта як мінімум часткі эканамічнага суверэнітэту.
Але пасля эканамічнага аб’яднання пачнуцца патрабаванні аб палітычнай інтэграцыяй. Кіраўніцтва Беларусі гэта, з аднаго боку, выдатна разумее. Але з іншага, дзявацца няма куды. Таму што эканоміка Беларусі вельмі залежыць ад падтрымкі з Расеі. А Масква жорстка ўвязвае працяг дапамогі з падпісаннем пакету дакументаў па паглыбленні інтэграцыі. Кіраўніцтва Беларусі думала як заўсёды, уступіць у перамовы, адкруціцца ад нязручных пунктаў і нешта для сябе ўсё ж такі атрымаць. Але здарылася па-іншаму, – кажа Аляксандр Класкоўскі, – Фактычна Лукашэнка трапіў у пастку. Пакуль што прэферэнцый фактычна нуль. А Масква працягвае падштурхоўваць далей у вузкі тунэль паглыбленай інтэграцыі, напрыканцы якога маячыць ціхая інкарпарацыя, – папярэджвае Аляксандр Класкоўскі.
Удзельнікі дыскусіі лічаць, што беларускае грамадства павінна актывізавацца і кансалідавацца, у тым ліку з уладамі, каб быць гатовым для абароны незалежнасці. Неабходна таксама звярнуцца да дэмакратычнай супольнасці Расеі, каб яна дапамагла ў адстойванні незалежнасці Беларусі. Трэба таксама нагадваць аб небяспецы паглынання Беларусі і краінам Еўразвязу.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя