Пагоня альбо афіцыйны герб?
Падчас кожных выбараў актуалізуецца гэтае пытанне. Сёлета дэмакратычныя прэтэндэнты таксама на пікетах выказваюцца наконт неабходнасці вяртання гістарычнай сімволікі.
Адказ Таццяны Караткевіч на сустрэчы з прыхільнікамі ў Бабруйску выклікаў дыскусію ў Байнэце. Палітык заявіла, што замена сімволікі магчымая толькі ў выніку агульнанацыянальнага рэферэндума.
Заснавальнік гомельскага партала „Моцныя Навіны” Пятро Кузняцоў падзяляе гэты пункт гледжання.
– Афіцыйная сённяшняя сімволіка ні для каго каштоўнасцю не з’яўляецца, а гістарычная сімволіка з’яўляецца абсалютнай каштоўнасцю для пэўнага кола людзей, але гэтае кола людзей цяпер малое. І якая будзе рэакцыя большасці, калі паспрабаваць рэзка прыняць нейкае рашэнне, мы не можам прадказаць. І пытанне святых рэчаў нашай сімволікі – гэта не тое пытанне, якім можна рызыкаваць, пускаючыся ў гэтыя авантуры.
Намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў лічыць, што пытанне нацыянальнай сімволікі не павінна выносіцца на рэферэндум, каб пазбегнуць сітуацыі 1995 года.
– Я памятаю канец 80-ых – пачатак 90-ых гадоў, калі ўсе да гэтага „свята” верылі ў камуністычныя ідэалы, а потым з лёгкасцю адмаўляліся і ад сцягоў, і ад гербаў, таму што гэта не было каштоўнасцю. Калі нацыянальная сімволіка мае карані, тады яна ўспрымаецца як каштоўнасць, але гэта трэба і ў дзіцячым садку і ў школе ўсё падкрэсліваць.
Першы ў гісторыі незалежнай Беларусі рэферэндум 1995 года прывёў да замены нацыянальных сімвалаў – бел-чырвона-белага сцяга і герба Пагоня – на мадыфікаваныя савецкія.
Беларускае Радыё Рацыя