Пагранслужба ФСБ РФ: Увядзенне пагранзоны не закране беларусаў



Пагранічная зона, якую Расея ўстанаўлівае ўздоўж мяжы з Беларуссю, і пагранічная тэрыторыя, вызначаная Беларуссю больш за два гады таму на мяжы з Расеяй, не з’яўляюцца раўназначнымі мерамі, растлумачылі БелаПАН у Дзяржпагранкамітэце.

Пра рашэнне, прынятае Беларуссю ў 2014 годзе, некаторыя расейскія СМІ і эксперты згадалі ў сувязі з загадам кіраўніка Федэральнай службы бяспекі РФ аб устанаўленні межаў пагранічнай зоны на тэрыторыі Пскоўскай, Смаленскай і Бранскай абласцей, што мяжуюць з Беларуссю.

У верасні 2014 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 433 аб усталяванні пагранічнай тэрыторыі ў межах адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, якія прымыкаюць да дзяржаўнай мяжы Беларусі з Расеяй. Аднак, як адзначаюць спецыялісты, памежная зона і памежная тэрыторыя — гэта не тоесныя паняцці.

„Памежная тэрыторыя — гэта больш шырокае паняцце, чым пагранічная зона, — растлумачыў афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Антон Бычкоўскі. — Гэта паняцце мяркуе пэўныя прававыя ўмовы для дзейнасці органаў памежнай службы на дадзенай тэрыторыі. Разам з тым на ўчастку мясцовасці, які з’яўляецца прыгранічнай тэрыторыяй, не ўводзіцца якога-небудзь памежнага рэжыму. Пагранічная зона ці пагранічная паласа ўводзяцца для таго, каб забяспечваць памежны рэжым — рэжым дзяржаўнай мяжы”.

Паводле інфармацыі, размешчанай на сайце Дзяржпагранкамітэта, памежная зона ў Беларусі ўсталяваная на участках тых раёнаў Віцебскай, Берасцейскай, Гарадзенскай і Гомельскай абласцей, якія прылягаюць да дзяржаўнай мяжы з Літвой, Латвіяй, Польшчай і Украінай. У Магілёўскай вобласці, якая цалкам прылягае да мяжы з РФ, памежнай зоны не існуе.

Пра рашэнне Расеі ўсталяваць памежныя зоны на тэрыторыі Пскоўскай, Смаленскай і Бранскай абласцей, што мяжуюць з Беларуссю, стала вядома 1 лютага. Пагранзона дэталёва прапісаная для кожнага раёна на тэрыторыі трох расейскіх абласцей і прывязаная да геаграфічных каардынат. Пагранічным упраўленням ФСБ у Пскоўскай, Смаленскай і Бранскай абласцях загадана ўстанавіць месцы і час для ўезду транспартных сродкаў і праходу асоб у памежную зону. Загадана таксама ўсталяваць на ўездах у пагранзону папераджальныя знакі.

Загады датаваныя 29 снежня 2016 года, зарэгістраваныя ў Мінюсце Расеі 26 студзеня і набываюць моц праз 10 дзён, гэта значыць 6 лютага.

Раней пагранзона ў Пскоўскай вобласці праходзіла па ўзбярэжжы Пскоўска-Чудскага возера і ўздоўж сухапутнай мяжы Расеі з Латвіяй і Эстоніяй, а ў Бранскай — вузкай паласой уздоўж мяжы з Украінай. У Смаленскай вобласці, якая цалкам прылягае да Беларусі, памежнай зоны не было зусім.