Пагроза ракетных абстрэлаў з тэрыторыі Беларусі застаецца
У Міністэрстве абароны Украіны заявілі, што Расея трымае вайсковыя сілы на тэрыторыі Беларусі для дэманстрацыі вайсковай прысутнасці і ўтрымання на гэтым кірунку ўкраінскіх войскаў.

«Найбольш імаверным з’яўляецца дэманстрацыя прысутнасці (войскаў) для адцягвання ўкраінскіх сіл абароны. Разам з тым пагроза нанясення захопнікамі авіяцыйных удараў па аб’ектах вайсковай і цывільнай інфраструктуры Украіны з тэрыторыі Беларусі пакуль яшчэ захоўваецца», — паведаміў на брыфінгу 11 красавіка спікер Міністэрства абароны Украіны Аляксандр Матузянік.
Прадстаўнік Міністэрства абароны Украіны дадаў, што з тэрыторыі Кіеўскай і Чарнігаўскай абласцей расейскія падраздзяленні былі часткова выбітыя ўкраінскай арміяй, а частка іх адступілі самі з далейшым перакіданнем спачатку на тэрыторыю Расеі, а потым — на ўсход Украіны.
«Пытанне магчымага аднаўлення наступу праціўніка на сталіцу будзе залежыць, уласна, ад тых баявых дзеянняў, якія будуць адбывацца ў Данецкай і Луганскай абласцях», — дадаў Аляксандр Матузянік.
Паводле яго, некалькі батальённа-тактычных груп на тэрыторыі Беларусі ажыццяўляюць цяпер «дэманстрацыйныя дзеянні».
Беларускае Радыё Рацыя
