Пакуль не спыніцца ціск на беларускі народ, ЗША не збіраюцца здымаць санкцыі
Неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітычных вязняў заклікаў улады Беларусі Дзяржаўны дэпартамент ЗША.

Такая заява за подпісам дзяржсакратара Энтані Блінкена была апублікаваная напярэдадні.
«Цяпер рэжым Лукашэнкі ўтрымлівае больш за 1000 палітвязняў. Гэтыя беларусы з усіх слаёў грамадства былі арыштаваныя і зняволеныя проста таму, што яны мірна рэалізоўвалі свае правы на свабоду слова і сходаў у адказ на фальсіфікацыі выбараў і злоўжыванні рэжыму Лукашэнкі. Яшчэ дзясяткі тысяч нявінных беларусаў таксама правялі час за кратамі пасля і напярэдадні фальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года. Дзясяткі адвакатаў былі пазбаўленыя ліцэнзіі, а часам самі траплялі ў турму — за тое, што яны адважыліся прадстаўляць інтарэсы зняволеных або апазіцыйных дзеячаў».
«Злучаныя Штаты зноў заклікаюць да неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных, прызнаючы гэта як неабходны крок Беларусі для пераадолення палітычнага крызісу. «Са жніўня 2020 года ЗША ў каардынацыі з саюзнікамі і партнёрамі ўвялі пяць блокаў санкцый у дачыненні да афіцыйных асоб і прыхільнікаў жорсткага рэжыму Лукашэнкі. Гэтыя санкцыі захаваюцца, пакуль улады не спыняць бязлітасныя рэпрэсіі ў дачыненні да беларускага народу», — заявіў Блінкен.
27 студзеня праваабаронцы прызналі палітычнымі вязнямі яшчэ 12 чалавек. Колькасць палітвязняў у Беларусі цяпер складае 1007 чалавек.
Беларускае Радыё Рацыя
