Палата прадстаўнікоў 8 траўня вызначыць дату прэзідэнцкіх выбараў
Палата прадстаўнікоў 8 траўня плануе разгледзець пытанне аб прызначэнні даты прэзідэнцкіх выбараў. Пра гэта БелаПАН паведаміў кіраўнік прэс-службы Палаты прадстаўнікоў Віталь Ермаловіч.
На просьбу ўдакладніць, якія менавіта пытанні заўтра плануюцца да разгляду, Ермаловіч адказаў: „Выбары будуць разглядаць”.
Варта зазначыць, што ў графіку працы дэпутатаў, які апублікаваны на сайце Палаты прадстаўнікоў, з 6 па 8 траўня значыцца „праца ў выбарчых акругах”, а пасяджэнне Палаты прадстаўнікоў ёсць толькі 21 траўня.
Паводле слоў Ермаловіча, „ёсць распараджэнне” для асвятлення пасяджэння акрэдытаваць „абмежаваную колькасць дзяржаўных СМІ”. „Толькі асноўныя цэнтральныя каналы і БелТА”, — сказаў ён. Прадстаўнікоў недзяржаўных СМІ на пасяджэнне не пусцяць. Ермаловіч растлумачыў, што такое рашэнне прынятае „ў сувязі з вірусам”.
4 траўня падчас размовы з прэзідэнтам Малдовы Ігарам Дадонам Аляксандр Лукашэнка заявіў, што дата наступных прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі будзе вызначаная найбліжэйшым часам. Адзначыўшы, што сёлета ў Малдове павінны прайсці прэзідэнцкія выбары, ён сказаў: „Але вы павінны дакладна ведаць, што ў нас яшчэ раней адбудуцца выбары. У нас няма падстаў тут іх пераносіць. У Беларусі няма магчымасці па Канстытуцыі перанесці гэтыя выбары. Найбліжэйшым часам з датай вызначымся. Але гэта будзе дакладна летам”.
Паводле слоў Лукашэнкі, апошні тэрмін правядзення прэзідэнцкіх выбараў — 31 жніўня. „Далей, чым 31 жніўня, мы не можам праводзіць па Канстытуцыі”, — падкрэсліў ён.
belapan.by