Палата прадстаўнікоў Кангрэса ЗША ўхваліла Акт аб дэмакратыі, правах чалавека і суверэнітэце Беларусі
Палата прадстаўнікоў Кангрэса ЗША 18 лістапада ўхваліла законапраект „Акт аб дэмакратыі, правах чалавека і суверэнітэце Беларусі”.
Дакумент быў прадстаўлены кангрэсменам Крысам Смітам, які з’яўляецца таксама аўтарам і папярэдніх актаў аб дэмакратыі ў Беларусі ад 2004, 2006 і 2011 гадоў. Як адзначаецца на сайце Палаты прадстаўнікоў ЗША, прапанова аб пераглядзе Акта аб дэмакратыі была ўхваленая без пярэчанняў.
Акт аб дэмакратыі, правах чалавека і суверэнітэце Беларусі пашырае паўнамоцтвы прэзідэнта ЗША па ўвядзенні новых санкцый у дачыненні да Беларусі, у тым ліку ў сувязі „са спрэчнымі прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі 2020 года і наступнымі рэпрэсіямі з боку ўрада”.
„Прэзідэнт можа накласці візавыя санкцыі ў дачыненні да любога замежніка, які з’яўляецца членам ЦВК Беларусі ці ўдзельнічаў у маніпуляцыях на прэзідэнцкіх выбарах 9 жніўня 2020 года, з’яўляецца дзяржаўнай службовай асобай, адказнай за рэпрэсіі супраць незалежных СМІ, з’яўляецца службовай асобай Саюзнай дзяржавы ці з’яўляецца расейскай фізічнай асобай, якая актыўна ўдзельнічала ў рэпрэсіях супраць прэсы або парушэннях правоў чалавека, звязаных з палітычнымі рэпрэсіямі ў Беларусі”, — гаворыцца ў тлумачэнні да законапраекта.
Абноўлены Акт аб дэмакратыі ў Беларусі ўтрымлівае таксама наступныя палажэнні:
— заклікае да правядзення новых прэзідэнцкіх выбараў;
— прызнае Каардынацыйную раду, створаную па ініцыятыве экс-кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай, у якасці легітымнага інстытута для ўдзелу ў дыялогу аб мірнай перадачы ўлады;
— заклікае да вызвалення ўсіх палітычных зняволеных;
— падтрымлівае імкненне беларускага народа да свабоды веравызнання;
— прадугледжвае аказанне дапамогі ў прасоўванні дэмакратыі і падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці;
— недвухсэнсоўна заяўляе пра палітыку ЗША па „непрызнанні ўключэння Беларусі ў „Саюзную дзяржаву” з Расеяй”;
— заклікае да распрацоўкі стратэгіі ЗША па развіцці тэле- і радыёвяшчання, свабоды інтэрнэту і доступу да інфармацыі;
— прадугледжвае падтрымку беларускіх СМІ і IT-сектара.
Каб законапраект набыў моц, яго павінен ухваліць Сенат і падпісаць прэзідэнта ЗША.