Палата прадстаўнікоў падтрымала дэкрэт «аб дармаедах»
Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 6 траўня ўхвалілі рэзанансны дэкрэт прэзідэнта № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства».
Як адзначыла, прадстаўляючы дакумент міністар працы і сацыяльнай абароны Мар’яна Шчоткіна, дэкрэт «кажа пра сацыяльную адказнасць грамадзян за фінансаванне дзяржаўных выдаткаў».
«Не трэба навешваць шыльды „дармаеды“. Чалавек добраахвотна кажа, што не ўдзельнічаў у выдатках і заплаціў пэўную суму. Ён такі ж грамадзянін, як і ўсе», — падкрэсліла Шчоткіна.
Адной з мэтаў дэкрэту Шчоткіна назвала легалізацыю працоўнай дзейнасці. «Гаворка не ідзе пра тое, каб напоўніць бюджэт грашыма. Гаворка ідзе пра тое, каб чалавек удзельнічаў у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў», — сцьвярджае яна.
Міністар таксама паведаміла, што будзе праводзіцца маніторынг зваротаў грамадзян па дэкрэце.
Па словах Шчоткінай, дэкрэт ужо дае станоўчы эфэкт: за першы квартал у службы занятасці звярнулася больш за 16 тысяч грамадзян, якія доўгі час не працавалі.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота belgazeta.by