Палата прадстаўнікоў зацвердзіла папраўкі ў закон аб грамадзянстве
Палата прадстаўнікоў на пасяджэнні 19 лістапада прыняла ў другім чытанні змяненні ў закон „Аб грамадзянстве”. Карэспандэнтаў БелаПАН і іншых незалежных СМІ не пускаюць на пасяджэнні парламента, спасылаючыся на эпідэміялагічную сітуацыю.
„Дакументам прапаноўваецца замацаваць прынцып уліку найлепшых інтарэсаў дзіцяці, скараціць тэрмін бесперапыннага пастаяннага пражывання замежніка да падачы заявы аб прыёме ў грамадзянства з сямі да пяці гадоў. Пашырыць пералік асоб, якія маюць права на набыццё беларускага грамадзянства ў спрошчаным парадку, увесці новы для нашай краіны інстытут — аднаўленне ў грамадзянстве”, — паведаміла на пасяджэнні член пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Марыя Васілевіч, словы якой прыводзіць дзяржаўнае агенцтва БелТА.
Паводле яе слоў, прапаноўваецца ўдакладніць падставы для адмовы ў прыняцці да разгляду заявы аб набыцці грамадзянства і ўсталяваць іх для спынення разгляду такой заявы. Выключыць выпадкі, калі спыненне грамадзянства дапамагае асобе пазбегнуць адказнасці за ўчыненае злачынства. Васілевіч адзначыла, што нормы законапраекта прадугледжваюць магчымасць страты беларускага грамадзянства натуралізаванымі грамадзянамі з прычыны ўдзелу ў тэрарыстычнай і іншай экстрэмісцкай дзейнасці альбо прычынення цяжкай шкоды інтарэсам Беларусі. Васілевіч падкрэсліла, што пытанне аб страце беларускага грамадзянства можа ініцыявацца пры сукупнасці сур’ёзных падстаў.
„Па-першае, гаворка ідзе толькі пра тых асоб, якія парушылі ўзятыя пры набыцці грамадзянства абавязкі выконваць і паважаць Канстытуцыю Беларусі, — сказала яна. — Да іх адносяцца замежнікі або асобы без грамадзянства, якія набылі грамадзянства ў выніку прыёму ў грамадзянства, у парадку рэгістрацыі, з прычыны аднаўлення ў грамадзянстве або па падставах, прадугледжаных міжнароднымі дамовамі Беларусі. Асабліва хачу звярнуць увагу на тое, што норма аб страце беларускага грамадзянства не будзе распаўсюджвацца на грамадзян Беларусі, якія нарадзіліся ў межах сучаснай тэрыторыі рэспублікі або якія з’яўляліся грамадзянамі былога Савецкага Саюза і якія атрымалі грамадзянства Беларусі”.
Паводле слоў Васілевіч, удзел асобы ў экстрэмісцкай дзейнасці або прычыненне цяжкай шкоды інтарэсам Беларусі павінна быць абавязкова пацверджанае наяўнасцю прысуду суда, што набыў законную моц. „Нягледзячы на наяўнасць пералічаных умоў, чалавек можа захаваць грамадзянства Беларусі, паколькі пытанне аб яго страце будзе разглядацца ў выключных выпадках, з улікам нацыянальных інтарэсаў, з калегіяльным прыняццем пад увагу асобы грамадзяніна, цяжар зробленага, сямейныя і іншыя абставіны. Прынятае рашэнне можа быць абскарджанае ў судовым парадку”, — сказала Васілевіч.
Акрамя таго, законапраектам прадугледжана магчымасць набыцця грамадзянства ў парадку рэгістрацыі дзецьмі, якія нарадзіліся і ўвесь час пражываюць у Беларусі, бацькі якіх з’яўляюцца асобамі без грамадзянства. Звужанае кола тых, хто мае права на аднаўленне ў грамадзянстве.
Прадугледжанае права на разгляд заявы аб набыцці грамадзянства, нават калі ў перыяд яго разгляду асоба прызнаная судом недзеяздольнай. Таксама ўдакладнены парадак набыцця грамадзянства ў выпадку ўстанаўлення мацярынства або бацькоўства.