Палата прадстаўнікоў ЗША зноў заявіла пра непрызнанне Лукашэнкі



Палата прадстаўнікоў ЗША 20 красавіка прыняла рэзалюцыю „Падтрымка народа Беларусі і яго дэмакратычных памкненняў, асуджэнне фальсіфікацыі выбараў і наступных жорсткіх рэпрэсій супраць мірных дэманстрантаў з боку незаконнага рэжыму Лукашэнкі”.

За рэзалюцыю прагаласавалі 355 членаў Палаты прадстаўнікоў, супраць — 69, устрымаліся — 5.

Як адзначаецца на сайце кангрэса, у рэзалюцыі гаворыцца, што „выбары ў Беларусі 9 жніўня 2020 года не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі, і таму Палата прадстаўнікоў не прызнае Аляксандра Лукашэнку законным прэзідэнтам краіны”. У дакуменце таксама адзначаецца, што народ Беларусі „мае права вызначаць будучыню краіны без непажаданага ўмяшання звонку”, асуджаюцца парушэнні правоў чалавека беларускімі ўладамі.

„Пасля прэзідэнцкіх выбараў беларусы прадэманстравалі сваё цвёрдае жаданне і прыхільнасць да дэмакратычнай будучыні, арганізаваўшы мірныя пратэсты ў Менску і ва ўсёй краіне, — гаворыцца ў рэзалюцыі. — Беларуская грамадзянская супольнасць на чале са Святланай Ціханоўскай заклікала да адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі, мірнай перадачы ўлады, арганізацыі новых, свабодных і справядлівых выбараў і вызвалення ўсіх палітычных зняволеных”.

У дакуменце канстатуецца, што лідары беларускай апазіцыі „сутыкнуліся з запалохваннем, пераследам і затрыманнем, уключаючы прамыя пагрозы, якія прывялі да прымусовага выгнання Святланы Ціханоўскай у Літву, а таксама да выкрадання і заключэння пад варту Марыі Калеснікавай і іншых лідараў апазіцыі”.

У рэзалюцыі таксама адзначаецца, што за месяцы, якія прайшлі пасля выбараў, беларускія ўлады „адвольна затрымалі і жорстка збілі дзясяткі тысяч мірных дэманстрантаў, журналістаў і прадстаўнікоў апазіцыі, сотні з якіх застаюцца пад вартай”.

У ёй падкрэсліваецца, што праваабаронцы ў Беларусі задакументавалі сотні выпадкаў катаванняў і жорсткага абыходжання з затрыманымі ўдзельнікамі дэманстрацый, а таксама празмернага прымянення сілы з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў.

Палата прадстаўнікоў ЗША таксама адзначыла, што незалежныя СМІ і журналісты ў Беларусі сутыкаюцца з запалохваннем, гвалтам, арыштамі і судовым пераследам. У рэзалюцыі згадваюцца журналісткі тэлеканала „Белсат” Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова, асуджаныя на два гады пазбаўлення волі „за тое, што асвятлялі ў жывым эфіры мітынг у Менску ў лістападзе 2020 года”, а таксама папулярны блогер Ігар Лосік, які знаходзіцца ў зняволенні з лета 2020 года.

У рэзалюцыі таксама падкрэсліваецца, што Лукашэнка „працягвае падрываць суверэнітэт і незалежнасць Беларусі з дапамогай намаганняў па інтэграцыі Беларусі ў так званую „саюзную дзяржаву” пад кантролем Расіі”.

Палата прадстаўнікоў ЗША заклікае правесці новыя свабодныя і справядлівыя выбары ў Беларусі пад назіраннем АБСЕ.

„Палата прадстаўнікоў асуджае парушэнні правоў чалавека, якія здзяйсняюцца беларускімі ўладамі, у тым ліку ў дачыненні да мірных дэманстрантаў, актывістаў грамадзянскай супольнасці, лідараў апазіцыі, студэнтаў, выкладчыкаў, супрацоўнікаў дзяржаўных прадпрыемстваў, медыцынскага персаналу і журналістаў, і заклікае ўлады спыніць любыя далейшыя дзеянні з выкарыстаннем гвалту над мірным насельніцтвам, — гаворыцца ў рэзалюцыі. — Палата прадстаўнікоў заклікае да неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных і асоб, незаконна затрыманых у сувязі з мірнымі дэманстрацыямі, уключаючы незалежных журналістаў і членаў сем’яў грамадзян Злучаных Штатаў”.

У дакуменце таксама ўтрымліваецца заклік да Лукашэнкі і беларускіх уладаў пачаць „адкрыты і канструктыўны дыялог з членамі апазіцыі і іншымі зацікаўленымі бакамі для забеспячэння мірнай перадачы ўлады”.

Палата прадстаўнікоў ЗША зноў адзначае, што прызнае Каардынацыйную раду, створаную Ціханоўскай, „легітымным інстытутам для ўдзелу ў дыялогу аб мірнай перадачы ўлады”.

Рэзалюцыя таксама заклікае да далейшых скаардынаваных санкцый у дачыненні да беларускай улады з боку ЗША, Еўразвяза, Вялікабрытаніі, Канады і іншых партнёраў як адказу на парушэнні правоў чалавека ў краіне, у тым ліку ў дачыненні да дзяржпрадпрыемстваў, якія парушаюць правы сваіх работнікаў за іх удзел у дэмакратычным руху.

belapan.by