„Палатка” дала згоду на прызначэнне Кабякова



У Авальнай залі адбылася пазачарговая сесія Палаты прадстаўнікоў. Дэпутаты згодна з Канстытуцыяй павінны былі разгледзець пытанне аб прызначэнні Андрэя Кабякова прэм’ер-міністрам.

Як і меркавалася, ніякіх заўвагаў і прэтэнзій да прэзідэнцкага вылучэнца ў дэпутатаў не было – яны адзінагалосна далі згоду на гэтае прызначэнне. Лукашэнка таксама публічна заявіў, што чакае ад новага ўрада свежых ідэй для збалансаванага развіцця эканомікі.

„Ці дачакаецца кіраўнік дзяржавы новых падыходаў?”, – каментуе эканаміст Леанід Заіка:

– Кабякова можна ставіць нават кіраўніком сімфанічнага аркестра. У Беларусі наменклатура ўмее рабіць усё, пытанне ў тым, як яна ўмее рабіць. Не бачу асаблівай перавагі ў Кабякова над Мясніковічам. Мяне пужае тое, што ўсё ж такі інжынеры з’яўляюцца галоўнымі генератарамі палітыкі ва ўрадзе.

Андрэя Кабякова дэпутатам прадстаўляў Аляксандр Лукашэнка. Ён нагадаў, што ў дапамогу Кабякову абноўлены новы склад урада, узмоцнены яго эканамічны блок. Лукашэнка запатрабаваў надаць міністрам болей паўнамоцтваў.

Андрэй Кабякоў – ужо сёмы кіраўнік урада часоў Лукашэнкі.

Беларускае Радыё Рацыя