„Палатка” спадзяецца на вяртанне ў ПАСЕ



Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў спадзяюцца на вяртанне Беларусі статусу спецыяльнага запрошанага ў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, заявіў журналістам 27 студзеня старшыня парламенцкай камісіі па міжнародных справах Віталь Бусько.

ПАСЕ

Ён адзначыў, што нядаўна адбыліся выбары новага старшыні ПАСЕ, якім стаў прадстаўнік Іспаніі. „У сваім выступленні ён асобна вылучыў адносіны з Беларуссю, казаў пра вяртанне нашай краіне статусу. І мы вельмі спадзяемся, што атрымаем яго”, — сказаў Бусько.

Дэпутат таксама паведаміў, што ў Страсбургу знаходзіцца кіраўнік дэлегацыі Нацыянальнага сходу па ажыццяўленні кантактаў з ПАСЕ Мікалай Самасейка. У межах зімовай сесіі асамблеі ён возьме ўдзел у пасяджэнні камісіі па палітычных пытаннях і дэмакратыі, якое адбудзецца 28 студзеня. Запланаванае правядзенне сустрэч з кіраўніцтвам Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, замежнымі парламентарыямі, службовымі асобамі Савета Еўропы і сакратарыята ПАСЕ.

Беларусь атрымала статус спецыяльнага запрошанага 16 верасня 1992 года, а 13 студзеня 1997 года была яго пазбаўленая, таму што Бюро асамблеі не прызнала адпаведнымі міжнародным стандартам умовы правядзення і вынікі канстытуцыйнага рэферэндуму, які адбыўся 24 лістапада 1996 года.

У чэрвені 2009 года ПАСЕ прыняла рэзалюцыю, у якой гаворыцца, што статус спецыяльнага запрошанага будзе вернуты беларускаму парламенту толькі пасля ўвядзення ў краіне мараторыя на смяротнае пакаранне.

belapan.by