Паліна Прысмакова: Галоўная мэта Рады БНР – перадаць свае паўнамоцтвы дэмакратычнаму ўраду Беларусі
Госць Рацыі – доктар навук, прафесар, сакратар Рады БНР Паліна Прысмакова.
РР: Нядаўна ў Празе было чарговае паседжанне Рады БНР. На ім цябе выбралі сакратаром Рады, ці пераабралі? Як гэта правільна?
Паліна Прысмакова: Ты, відаць, кажаш пра нядаўнюю сесію Рады БНР, якая насамрэч мела месца ў Празе ў мінулыя выходныя. Гэта была сапраўды выбарчая сесія, бо не кожная сесія з’яўляецца выбарчай, на якіх адбываецца пераабранне старшыні, пераабранне прэзідыуму і іншых пасадаў. А таксама прыняццё новых радных.
РР: І таму пытанне маё заключалася ў тым, ты першы раз сакратар Рады БНР, ці гэта было пераабранне?
Паліна Прысмакова: Я выбіралася ўжо другі раз, з 2019 году.
РР: Такім чынам, Рада БНР сфармаваная, Івонка Сурвіла пераабраная. Распавядзі, калі ласка, падрабязнасці пра гэтае мерапрыемства. Што яно значыць для вашай арганізацыі?
Паліна Прысмакова: Рада БНР – ёсць урадам у выгнанні. То бок, гэта не арганізацыя, а інстытуцыя.
РР: Тады інакш, пераабранне Рады – што гэта значыць для гэтай структуры?
Паліна Прысмакова: Ёсць старшыня Рады. Старшыня абіраецца з сяброў Рады БНР сябрамі Рады БНР. Можа гэта не зусім адпаведна, але больш зразумела – штосьці як спікер парламента. У Рады БНР усё ж такі прадстаўнічыя, а не выканаўчыя функцыі.
РР: І зараз мы пераходзім да пытання, навошта нам Рада БНР? Яна ўжо існуе вельмі працяглы час. Патлумач.
Паліна Прысмакова: Усё прапісана ў Статутах. Галоўная мэта Рады БНР – ёсць самаліквідавацца. Для тых, хто можа не да канца разумее гістарычны кантэкст, то варта прыгадаць, што ідэя Рады БНР у выгнанні ёсць не захоп улады на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, а толькі выкананне нашых Статутаў. Асноўны ад 25 сакавіка – Устаўная грамата, у якой прапісана, што Беларусь мае быць вольнай, незалежнай і беларускай. То бок, як толькі ў Беларусі нарэшце паўстане ўлада, якая будзе адпавядаць ідэалам 25 сакавіка, Рада БНР з прыемнасцю складзе свае паўнамоцтвы, то бок, самаліквідуецца. І гэта ёсць наша асноўная мэта, акрамя ўсяго іншага, што мы робім на шляху да гэтай мэты.
Цалкам размова:
Размаўляў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя