Палітолаг: АДКБ будзе пераарыентавана на барацьбу з унутранымі ворагамі



10-га студзеня ў анлайн-фармаце прайшоў пазачарговы саміт АДКБ, прысвечаны крызісу ў Казахстане. Палітычны аналітык Валер Карбалевіч у нашым эфіры адзначыў, што Лукашэнка і Пуцін выкарысталі саміт АДКД для трансфармацыі арганізацыі і пераарыентацыі яе дзейнасці.

РР: Што адметнага адбылося на гэтым саміце?

Валер Карбалевіч: Пуцін і часткова Лукашэнка паспрабавалі выкарыстаць сітуацыю ў Казахстане і ўчарашні саміт для трансфармацыі АДКБ. Я б вызначыў тры кірункі гэтай трансфармацыі. Першы – гэта ўмацаваць і рэанімаваць АДКБ. Таму што дасюль яго цяжка было назваць паўнавартасным ваенна-палітычным блокам. І вось з’явіліся падзеі ў Казахстане, і гэта падстава для ўмацавання паўнавартаснага існавання гэтага блоку.

Другі момант – гэта спроба пераарыентацыі дзейнасці АДКБ. У статуце гэтай арганізацыі напісана, што яна створана для абароны краін-чальцоў ад вонкавай агрэсіі. І вось цяпер, пасля падзеяў у Казахстане, трохі іншая інтэрпрэтацыя адбываецца гэтага статуту. І цяпер АДКБ будзе арыентавана на барацьбу з унутранымі ворагамі ў краінах-чальцах. То бок, супраць народных паўстанняў, народных рэвалюцый, народнага пратэсту. Лукашэнка неяк выпадкова казаў, што гэта прэцэдэнт. І таму Масква і Менск хацелі б пераарыентаваць задачы і функцыі АДКБ.

І нарэшце, трэці кірунак – гэта пераарыентаваць АДКБ дзеля барацьбы з Захадам. Лукашэнка адкрытым тэкстам казаў, што ўсе гэтыя пратэсты як у Казахстане, так і ў Беларусі, арганізаваныя Захадам. Пуцін больш асцярожна казаў пра нейкія там майданныя тэхналогіі і каляровыя рэвалюцыі. Намякаў, што гэта таксама змова з боку Захаду. Масква і Менск імкнуцца ў такім кірунку пераарыентаваць дзейнасць АДКБ. А іншыя краіны не вельмі ахвотна на гэта ідуць, бо ў іх даволі добрыя стасункі з Захадам.

РР: Ці гэты саміт паказаў, што Пуцін па-ранейшаму дамінуе ў АДКБ?

Валер Карбалевіч: Безумоўна, на постсавецкай прасторы дамінуе Расея, дамінуе Пуцін. Менавіта Расея ініцыявала ўсе постсавецкія інтэграцыйныя аб’яднанні: СНГ, ЕўрАзЭС, АДКБ. І падзеі ў Казахстане павялічылі ролю Расеі на постсавецкай прасторы. Гэта відавочна.

Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:

Гутарыў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя