Палітолаг Аляксандр Ніканораў: “У нас ёсць два гады, каб вытрымаць”



Украінскі палітолаг і даследчык сепаратызму  Аляксандр Ніканораў прадставіў два сцэнары, па якіх могуць разгарнуцца далейшыя падзеі ва Украіне. Паводле яго, няма сэнсу  чакаць крызісу ў Расеі  ў бліжэйшым часе. Санкцыі, кошты на нафту, магчымы палітычны крызіс дадуць свой эфект толькі  праз два гады. Да таго часу Пуцін можа здзейсніць што заўгодна, – кажа Аляксандр Ніканораў.

– Ён можа паспрабаваць зрабіць ваенны пераварот у Кіеве, ва ўкраінскай эліце, украінскай арміі і добраахвотніцкіх  батальёнах праз “пятую калону”. Можа паспрабаваць арганізаваць Майдан. Гэта можа прывесці да таго, што ў Кіеве будзе створана новая ўлада, плюс будзе захоплены паўднёвы-захад, і яны створаць нейкую прарасейскую Украіну. А другая Україна – Заходняя, будзе існаваць асобна.

На думку палітолага, аптымістычны сцэнар  для Украіны можа здарыцца ў выпадку, калі ў самой Расеі ўзнікне сітуацыя вайсковага перавароту:

– Многія незадаволеныя  палітыкай Пуціна. У асноўным гэта алігархі, частка эліты. Пуцін гэта таксама разумее і баіцца гэтага. Але калі ўсё ж такі не будзе ваеннага перавароту ці „дварцовага”, і з Пуціным усё будзе добра, то сцэнар можа быць вельмі трагічным. У нас ёсць два гады для таго, каб усё гэта вытрымаць. Калі мы вытрымаем, то мы адбудземся як дзяржава.

Пры гэтым аналітык дадае, што верыць у аптымістычны сцэнар.

Аляксандр Ніканораў з’яўляецца галоўным рэдактарам інтэрнэт-старонкі  Аналітык-цэнтр “IQ” і таксама займаецца даследваннямі сепаратызму і радыкальнага ісламізму.

Кася Бергель, Беларускае Радыё Рацыя

Фота news.bigmir.net