Палітолаг Дзмітрый Балкунец: Сілавікі, якія арыштуюць Лукашэнку, стануць нацыянальнымі героямі
Сёння 101-ы дзень паслявыбарчых пратэстаў у Беларусі. Акцыі не спыняюцца, хаця сілавікі прымаюць усе меры, каб жорстка пакараць і застрашыць удзельнікаў. З сённяшнім «Госцем Рацыі» эканамістам, палітолагам, экспертам у сферы беларуска–расейскіх адносін Дзмітрыем Балкунцом пагутарым пра тое, ці варта радыкалізаваць супраціў і што будзе адбывацца далей.
РР: У вас на старонцы напісана, што вы са Слоніма. Ці ёсць у вас успаміны пра горад? Ці бывалі вы апошнім часам там?
Дзмітрый Балкунец: Канешне, успаміны ёсць, я там вучыўся. Але апошнім часам я там не бываў, таму што некалькі разоў я атрымліваў пагрозы з боку беларускай амбасады, ад людзей, якія маюць дачынення да Камітэта дзяржаўнай бяспекі.
РР: А якім чынам вы апынуліся ў Маскве? Што вас прымусіла пакінуць Беларусь?
Дзмітрый Балкунец: Я закончыў універсітэт у Беларусі. У 2006 годзе я пакінуў краіну, таму што я бачыў, што ў Беларусі няма ніякіх перспектыў. І краіна, як мы зараз бачым, апынулася ў вельмі небяспечным стане. Мне было не вельмі камфортна знаходзіцца ў краіне, дзе няма магчымасцяў, неяк не тое паветра, якое магло бы быць у краіне. На мой погляд, Лукашэнка зрабіў у Беларусі дыктатуру, і зрабіў краіну накшталт ГУЛАГу.
РР: Зараз у Беларусі ўжо прайшлі 100 дзён пратэсту, як вы ацэньваеце, пратэст атрымаўся, ці не, і што яшчэ можна зрабіць?
Дзмітрый Балкунец: Мне здаецца, гэта вялікі гістарычны выклік – і для Беларусі, і для Усходняй Еўропы. Мне здаецца, у Беларусі нічога падобнага не былі – ні ў 20 стагоддзі і тым больш у 21 стагоддзі. Па маштабах гэтых пратэстаў і тое, што гэта адбываецца, мне здаецца, гэта і ёсць фарміраванне беларускай нацыі, якая кансалідавалася для нейкай агульнай мэты, не толькі ўнутры краіны, але і за межамі краіны. А таксама лічу, што добрую ролю адыгрывае беларуская дыяспара, якая знаходзіцца ў розных краінах свету. Таму тое, што зараз адбываецца, гэта выклікі, гэта, мне здаецца, яшчэ не заканчэнне той важнай барацьбы, якая зараз адбываецца ўнутры Беларусі. Таму тое, што мы бачым на вуліцах краіны, і тое, што адбываецца на прадпрыемствах, тое, што адбываецца ў грамадстве, – гэта вельмі важны зрух, зрух у тым ліку і ў светаглядзе людзей, таму яны больш успрымаюць Беларусь як краіну, дзе немагчыма дыктатура. Зараз, мне здаецца, ідзе вельмі важная барацьба супраць тых парадкаў, якія былі ўсталяваныя Аляксандрам Лукашэнкам.
РР: І вось апошнія выходныя паказваюць, што ідзе спроба рэжыму “зачысціць” увогуле пратэставы рух. Ці не падаецца вам, што гэты рух павінен стаць больш радыкальным? І ці можам сказаць, што ў краіне адбываецца грамадзянская вайна?
Дзмітрый Балкунец: Яшчэ да падзей 9 жніўня я прагназаваў, што Лукашэнка выкарыстае такі рэпрэсіўны метад барацьбы супраць іншадумцаў. Але яе маштаб зараз прыняў вельмі небяспечныя рысы. Таму мы бачым і радыкалізм у гэтых пратэстах. Але не толькі з боку ўлады, але і з боку грамадства, таму што ёсць людзі, якія пацярпелі ад улады, яны жадаюць адпомсціць. І тое, што ўлада, або людзі, якія маюць дачыненне да ўлады, ці неяк падтрымліваюць уладу, мы бачым, што яны робяць забойствы людзей на вуліцах. І мы бачым, што яны робяць іншыя крымінальныя дзеянні, як падпал дамоў у тых людзей, якія маюць іншыя думкі. Усё гэта, на мой погляд, ёсць грамадзянская вайна. Але яна не маштабная зараз, і дзякуй Богу. Але, на мой погляд, калі Лукашэнка будзе заставацца ва ўладзе, гэтая грамадзянская вайна можа стаць больш маштабнай. Таму, мне здаецца, выйсце з гэтай сітуацыі ёсць. Напрыклад, арышт Лукашэнкі вырашыў бы гэтае пытанне. А гэта могуць зрабіць сілавікі, з арміі, ці са спецслужбы. Яны не будуць парушаць закон, таму што шосты прэзідэнцкі тэрмін Лукашэнкі з’яўляецца нелегітымным. Ён зараз з’яўляецца ўзурпатарам і незаконна ўтрымлівае ўладу. І ў гэтай сітуацыі арышт яго, як чалавека, які незаконна ўтрымлівае ўладу – гэта прапісана ў законах Беларусі. Таму калі нехта са спецслужбаў зробіць гэта, то стане нацыянальнымі героямі, яны прадухіляць грамадзянскую вайну ў краіне. Гэта адзін з магчымых варыянтаў, таму, мне здаецца, калі Лукашэнка будзе заставацца ў краіне як чалавек, які называе сябе прэзідэнтам Беларусі, то ён будзе рабіць усё больш правакацый. Мне здаецца, што гэты чалавек без правакацый ужо не бачыць сваё прэзідэнцкае жыццё.
З “Госцем Рацыі” размаўляла Вольга Сямашка.