Палітолаг: Лукашэнка не дасць Маскве распараджацца сваім войскам
Міністар абароны Беларусі Андрэй Раўкоў паведаміў, што кансультацыі па ўмовах размяшчэння ў Беларусі расейскай авіябазы завершаныя, канчатковае рашэнне — за кіраўніком краіны Аляксандрам Лукашэнкам.
На думку палітычнага аглядальніка Аляксандра Класкоўскага, Лукашэнка не дазволіць, каб Масква кіравала беларускім войскам з прагматычных меркаванняў:
– Тут можна згадаць, як у свой час спрабавалі ўвесці адзіную валюту, а дэ-факта, увесці расейскі рубель. Тады Лукашэнка, пры тым, што сцвярджаў, што ён вялікі інтэгратар і гатовы як заўгодна далёка ісці ў гэтым пытанні, насамрэч тарпедаваў пытанне пра адзіную валюту, і цяпер Масква пра яе здаецца ўжо забылася. Вайсковая інтэграцыя існуе, у пэўных пытаннях яна будзе ўзмацняцца, але ўсё ж такі распараджацца сваім войскам Лукашэнка Маскве не дазволіць.
Міністар абароны Раўкоў заявіў, што ня бачыць сэнсу размяшчаць у Беларусі расейскую авіяцыйную базу. Паводле Раўкова, беларускія вайскоўцы працягваюць шукаць максімальна эфектыўны спосаб абароны мяжы.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя