Палітолаг: Лукашэнка не хоча чуць аб’ектыўную інфармацыю



У Беларусі праходзяць чарговыя акцыі пратэсту, беларусы выходзяць на лакальныя акцыі, а таксама – утвараюцца ланцугі салідарнасці. Улады далей стасуюць методыку рэпрэсій. Кіраўнік аналітычнага праекту Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў аналізуе рэакцыю Аляксандра Лукашэнкі на пратэсты:

– Праблема ў тым, што, безумоўна, ягоны погляд скажоны. Бо нават калі мы паглядзім на методыку падаўлення пратэстаў, загады аддае не Лукашэнка. Лукашэнка сказаў вельмі простую рэч – зрабіце мне прыгожа. І далей на месцах кожны чыноўнік ці кіраўнік дзяржаўнай установы ў залежнасці ад свайго разумення сітуацыі ўжо прыгожа гэта „малюе”. Гэта не таму, што ў Аляксандра Лукашэнкі няма доступу да аб’ектыўнай інфармацыі. Гэта таму, што аб’ектыўная інфармацыя настолькі для яго непрыемная, што ён не хоча яе чуць.

20 снежня, – 134-ы дзень пратэстаў. Пяты месяц беларусы выходзяць на акцыі супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў, а таксама міліцэйскага гвалту, за які ніхто не панёс пакарання.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя