Палітолаг: Лукашэнка не пойдзе на адмену смяротнага пакарання
Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў спадзяюцца на вяртанне Беларусі статусу спецыяльнага запрошанага ў Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, заявіў старшыня парламенцкай камісіі па міжнародных справах Віталь Бусько. Раней паведамлялася, што вяртанне беларускаму парламенту статусу спецзапрошанага магчымае толькі пасля ўвядзення ў краіне мараторыя на смяротнае пакаранне.
Ці Беларусь гатова да мараторыя, каментуе палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч:
– Гэтыя пытанні магчыма больш важныя для Рады Еўропы, чым для Беларусі. Бо што такое Рада Еўропы для Лукашэнкі, навошта яна патрэбна? Таму я не чакаю, што беларуская дыпламатыя будзе прыкладаць вялікія намаганні для гэтага і дзеля гэтага адмяняць смяротнае пакаранне. Для Лукашэнкі гэта непрымальна.
Беларусь атрымала статус спецыяльнага запрошанага ў верасні 1992 года, а ў студзені 1997 года была яго пазбаўленая, пасля рэферэндуму, які адбыўся ў лістападзе 1996 года. Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: АР