Палітолаг: Лукашэнка спрабуе ўсіх супакоіць



Аляксандр Лукашэнка пераконвае беларусаў, што ніякага аб’яднання з Расеяй не будзе. Такім чынам ён імкнецца спыніць інфармацыйную хвалю, кажа палітолаг Юры Чавусаў. З вуснаў беларускага кіраўніка гучаць чарговыя рэзкія выказванні, маўляў, «ніхто нікога не нахіліць”. Больш таго, ён пераконвае, што размовы пра аб’яднанне з Расеяй – прыцягнутыя за вушы. Словы Аляксандра Лукашэнкі перадае дзяржаўнае агенцтва БелТА:

– Зараз ідзе шмат размоў пра аб’яднанне дзвюх дзяржаў. Я называю гэтыя пытанні прыцягнутымі за вушы. Размовы пра аб’яднанне быць не можа.

А тэма сапраўды набыла актуальнасць, асабліва перад Новым годам. Яна абмяркоўваецца ў СМІ, сярод беларускіх і расейскіх палітыкаў. Аляксандр Лукашэнка проста ўсіх супакойвае – заўважае палітолаг Юры Чавусаў.

– Гэта хутчэй спроба дэзавуяваць інфармацыйныя атакі, якія былі напрыканцы мінулага года. Лукашэнка ж не кажа, што мы выйдзем з саюзнай дзяржавы, якая стварае інстытуцыйную аснову для падобнага роду атак. Ён спрабуе дэзавуяваць, як быццам ніхто не памятае, хто дамову пра саюзную дзяржаву падпісваў.

У Маскве занепакоеныя заявай Аляксандра Лукашэнкі, што Расея можа страціць Беларусь як адзіную саюзніцу. Там не ставяць пад сумнеў курс на пашырэнне стратэгічнага ўзаемадзеяння з Беларуссю, заявіла афіцыйная прадстаўніца расейскага МЗС Марыя Захарава, яе словы прыводзіць interfax.by. Беларусь для іх надалей надзейны саюзнік і партнёр.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Reuters