Палітолаг: Місія Ціханоўскай – не даць знікнуць беларускаму пытанню з міжнароднага парадку дня
Святлана Ціханоўская знаходзіцца з візітам у ЗША. Напярэдадні яна правяла паспяховую сустрэчу з Дзяржсакратаром ЗША Энтані Блінкенам.
Міжнародны аглядальнік Валер Карбалевіч лічыць, што візіт лідаркі беларускай апазіцыі „з’яўляецца і сімвалічным, і практычным”.
РР: Якім вам бачыцца візіт – больш сімвалічным ці практычным, які можа прынесці нейкую карысць для беларускай палітыкі?
Валер Карбалевіч: Я думаю, што гэты візіт з’яўляецца і сімвалічным, і практычным.
Галоўная місія Святланы Ціханоўскай цяпер – гэта не даць знікнуць беларускаму пытанню з міжнароднага парадку дня. І вось візіт у Вашынгтон павінен падвысіць беларускае пытанне ў замежнай палітыцы ЗША.
Так атрымалася, што менавіта да моманту гэтага візіту ў Беларусі адбыўся моцны пагром грамадзянскай супольнасці. І што асабліва важна для ЗША – пагром “Радыё Свабода”. І я думаю, гэтыя дзеянні ўладаў Беларусі даволі моцна дапамаглі Святлане Ціханоўскай, падвысілі палітычную вагу яе візіту. Ровень сустрэч Ціханоўскай даволі высокі. Яе прымаюць амаль як дзяржаўнага дзеяча, што незвычайна. І гэта сапраўды дадае вагу візіту.
Якія вынікі? Першае, больш моцная падтрымка грамадзянскай супольнасці, беларускіх незалежных медыя. Другое, магчыма, нейкі моцны ціск на афіцыйны Менск, на ўлады Беларусі.
РР: Сёння Святлана Ціханоўская раздае інтэрв’ю амерыканскім СМІ. Гэта сапраўды вяртае беларускую павестку дня ў міжнародную палітыку. Як вы бачыце, беларускае пытанне апошнім часам сышло з павесткі дня?
Валер Карбалевіч: Улады Беларусі не даюць яму сысці. І пагром грамадзянскай супольнасці, і арышт прадстаўнікоў тых структур, якія з’яўляюцца найбольш адчувальнымі для заходняй грамадзянскай думкі – гэта праваабаронцы, журналісты, менавіта на іх накіраваны галоўны ўдар. Зразумела, што гэта выклікае вялікае незадавальненне. І таксама вельмі моцна абурае Захад і асабліва ЕЗ.
Таму, беларуская тэма застаецца.
У Ціханоўскай прызначаная сустрэча ў Белым доме з дарадцам па нацыянальнай бяспецы Джэйкам Салліванам, а таксама з некалькімі кангрэсменамі. У нядзелю Святлана Ціханоўская сустрэлася з беларускай дыяспарай ў Вашынгтоне. Пасля сталіцы ЗША яна адправіцца ў Нью-Ёрк, Сан-Францыска і Лос-Анджэлес, дзе пражываюць больш шматлікія беларускія дыяспары.
Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:
Гутарыў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: t.me/tsikhanouskaya