Палітолаг пра лукашэнкаўскі сход: Гэта піяр акцыя (абноўлена)



Усебеларускі народны сход паказаў высокае запатрабаванне грамадства на захаванне сістэмы каштоўнасцей і прыярытэтаў. Так на завяршэнне праўладнага форуму, сказаў Аляксандр Лукашэнка. Таксама дзяржаўныя медыя рапартуюць, што дэлегаты адобрылі асноўныя палажэнні праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на пяцігодку.

Палітычны аналітык Валерый Карбалевіч выдзяляе як мінімум тры асноўныя вынікі гэтага сходу для беларускіх афіцыйных уладаў:

– Гэта піяр акцыя, якая павінна дадаткова легітымізаваць Лукашэнку і ягоную ўладу. Я думаю, што гэтая функцыя не выканана. А вось другая і трэцяя задачы, мабілізаваць дзяржаўны апарат на сваю падтрымку і псіхалагічная рэлаксацыя, псіхалагічная самтэрапія, я думаю, што гэтыя задачы ў прынцыпе могуць быць рэалізаваны з дапамогай гэтага сходу.

І што самае важнае – форум не вырашае пытанне палітычнай напружанасці ў беларускім грамадстве. Аляксандр Лукашэнка анансаваў канстытуцыйныя рэформы, якія чакаюцца толькі ў 2022 годзе ды задэклараваў, што ён моцна трымае ўладу ў Беларусі.

* * *

„У нас не было і няма ніякіх палітычных зняволеных”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка 12 лютага на Усебеларускім народным сходзе. Такім чынам ён адрэагаваў на прапанову былога актывіста ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі Юрыя Васкрасенскага правесці палітычную амністыю.

„Калі гэты чалавек (Васкрасенскі. — БелаПАН.) дастане Крымінальны кодэкс або іншыя нашы законы, пакажа мне хоць адзін палітычны артыкул і скажа, што на падставе гэтага палітычнага артыкула хтосьці асуджаны, мы будзем думаць, якія прымаць рашэнні. У нас не было і няма ніякіх палітзняволеных”, — падкрэсліў Лукашэнка.

Ён нагадаў сустрэчу ў СІЗА КДБ, што адбылася 10 кастрычніка мінулага года. Акрамя Васкрасенскага на ёй прысутнічалі блогер Сяргей Ціханоўскі — муж Святланы Ціханоўскай, прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Віктар Бабарыка і яго сын Эдуард, члены каманды Бабарыкі адвакаты Максім Знак і Ілья Салей, медыятар Лілія Уласава — член прэзідыума створанай з ініцыятывы Ціханоўскай Каардынацыйнай рады, паліттэхнолаг Віталь Шкляраў і іншыя палітвязні — усяго каля дзесяці чалавек.

„Некаторыя задавалі мне пытанне: а калі нас адпусцяць? — расказаў Лукашэнка. — Паверце, я не хачу прозвішчаў называць і паўтарацца. Я ім кожнаму сказаў. А верхаводам сказаў так: хлопцы, усё, што выкралі, — вярніце. І назваў грошы, сумы, карціны, уласнасць і іншае. Галаву апусцілі, прамаўчалі. Потым, я вам ужо казаў, абмяркоўвалі гэтую тэму са сваякамі, блізкімі, роднымі. Але пакуль не вяртаюць, а трэба вярнуць. Вось тады мы будзем казаць пра нейкую амністыю. Ні ў якім выпадку не палітычную, ніякай крыважэрнасці тут няма. Скраў — вярні, калі цябе ўзялі за руку. Я хачу, каб гэта было зразумела”.

Па стане на 10 лютага беларускія праваабаронцы прызналі палітзняволенымі 246 чалавек.

17 лютага ў Вярхоўным судзе пачнецца суд па крымінальнай справе ў дачыненні да былога кіраўніка „Белгазпрамбанка” Віктара Бабарыкі і іншых топ-менеджараў банка. Бабарыка і іншыя члены праўлення „Белгазпрамбанка” былі затрыманыя ў чэрвені 2020 года, яны абвінавачваюцца ва ўхіленні ад выплаты падаткаў і ў легалізацыі сродкаў, атрыманых незаконным шляхам.

11 чэрвеня мінулага года ў галаўным офісе „Белгазпрамбанка” прайшоў вобшук, падчас якога, паводле звестак следства, было канфіскавана прыкладна 4 млн долараў, каштоўныя паперы на 500 тыс. долараў, золата, аблігацыі, а таксама карціны з карпаратыўнай калекцыі „Белгазпрамбанка” (калекцыя фармавалася з 2011 года). Да крымінальнай справы былі далучаныя паўтары сотні карцін агульным коштам каля 20 млн долараў.

* * *

Рэферэндум па новай Канстытуцыі можна сумясціць з мясцовымі выбарамі, заявіў Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 12 лютага на т.зв. „Усебеларускім народным сходзе”.

„Перакананы, што мы на новы праект Канстытуцыі да канца гэтага года выйдзем і прымем на працягу найбліжэйшых 11-12 месяцаў гэты асноўны юрыдычны дакумент на рэферэндуме, — сказаў ён. — Магчыма, сумясціўшы яго прыняцце, па-мойму, у нас там мясцовыя выбары. Думаю, гэта будзе нармальна. Гэта будзе пэўная эканомія сродкаў”.

Лукашэнка адзначыў: „У гэтыя хвіліны нявызначанасці нашай будучыні мы як ніколі павінны быць акуратныя, асцярожныя і адзіныя. Не час сёння ламаць і крышыць, таму, ствараючы новую Канстытуцыю, мы будзем дзейнічаць вельмі акуратна і асцярожна”.

Ён зноў паўтарыў, што пасля прыняцця новай Канстытуцыі ў краіне давядзецца „адкарэктаваць сотні законаў і, магчыма, тысячы нарматыўна-прававых актаў і рознага кшталту ведамасных інструкцый”.

„Планы вялікія, сур’ёзныя перспектывы. Для таго каб дасягнуць тых межаў, да якіх імкнемся, у нас ёсць усё — ёсць воля народа, людзі, гатовыя весці калектывы да пастаўленых мэт. Ёсць наша жаданне захаваць краіну”, — заявіў Лукашэнка.

Паводле інфармацыі на сайце Цэнтрвыбаркама, выбары дэпутатаў мясцовых саветаў 29-га склікання павінны прайсці не пазней за 18 студзеня 2022 года.

* * * 

Былы актывіст ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі, а цяпер дырэктар установы „Круглы стол дэмакратычных сіл” (КСДС) Юрый Васкрасенскі, выступаючы 12 лютага на так званым  „Усебеларускім народным сходзе”, заклікаў лідараў апазіцыі адмовіцца ад санкцый, а ўлады — правесці палітычную амністыю.

Фота: скрыншот з відэа

У пачатку выступлення ён заявіў, што прадстаўляе „тыя палітычныя сілы, якія змагаліся за ўладу, актыўна ўдзельнічалі ў мінулай выбарнай кампаніі, аб’ядналіся для таго, каб прапанаваць іншыя шляхі развіцця нашай краіны”. „Не ўсе лідары, якія далучыліся да нас, былі чыстыя на руку, не ўсе былі гатовыя адмовіцца ад асабістых амбіцый, не ўсе разумелі, што будуць рабіць з энергіяй перапоўненых і разгайданых эмоцыямі людзей, — заявіў Васкрасенскі. — Менавіта таму сітуацыя пачала ператварацца ў хаос. Ініцыятыву пачалі перахопліваць радыкальна настроеныя групоўкі і прадстаўнікі старой апазіцыі, якія дыскрэдытавалі сябе”.

„На жаль, частка нашых новых так званых лідараў ганебна збегла, кінула, здрадзіла і фактычна перадала сваіх прыхільнікаў пад кіраванне анархістаў, крыміналітэту, а месцамі, Іван Станіслававіч (Церцель, старшыня КДБ. — БелаПАН.) не дасць схлусіць, і замежных спецслужбаў. На жаль, сярод іх не знайшлося людзей і палітычных сіл, якія змаглі б прыняць цяжкае і адказнае рашэнне — прызнаць сваю паразу і спыніцца, не пераходзіць чырвоную лінію здрады, выступаючы супраць сваёй краіны, патрабуючы ўвядзення санкцый супраць айчынных прадпрыемстваў, дзе працуе не Лукашэнка, а простыя людзі”, — дадаў ён.

Дырэктар КСДС заявіў, што прадстаўляе сілы, якія „не заўсёды згодныя з палітыкай улады, хочуць большага ўдзелу ў палітычных працэсах, маюць сваё бачанне шляхоў развіцця нашай краіны, але пры гэтым гатовыя браць на сябе палітычную і маральную адказнасць, гатовыя да канструктыўнага дыялогу за круглым сталом”.

Паводле слоў Васкрасенскага, КСДС хоча „зменшыць колькасць пацярпелых ад палітычнага крызісу 2020 года, зберагчы нашых дзяцей ад паўтарэння леташніх падзей, гвалту на вуліцах нашых гарадоў”. Для гэтага падрыхтаваныя шэраг прапаноў.

На думку Васкрасенскага, прыняцце закона аб амністыі ў дачыненні да „беларускіх грамадзян, якія раскаяліся, дзяцей, дзяўчынак-выдатніц, якія здзейснілі памылку”, будзе спрыяць”падтрыманню стабільнасці беларускай дзяржавы, аднаўленню ўзаемнага даверу і паўнавартаснаму нацыянальнаму дыялогу”.

Васкрасенскі заўважыў, што ў першы дзень ВНС, 11 лютага, „хтосьці з выступоўцаў павесяліў дэпутатаў сваімі папрокамі на адрас Расеі”, намякаючы на выступленне экс-дэпутата Палаты прадстаўнікоў Ганны Канапацкай. „Сябры, Расія за мінулыя гады аказала каласальную дапамогу беларускаму народу і працягвае нам дапамагаць. Лічу патрэбным разгледзець пытанне аб перайменаванні ў гонар Расеі плошчы або праспекта беларускай сталіцы. Бангалор — ёсць, а Расеі — няма”, — заявіў ён.

У канцы выступлення Васкрасенскі падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за „высокі давер”, аказаны яму „на круглым стале ў следчым ізалятары летась”.

* * * 

У другі дзень працы прыўладнага Усебеларускага народнага сходу кіраўніца Бізнэс-саюзу прадпрымальнікаў і наймальнікаў Жанна Тарасевіч у сваім выступе раскрытыкавала шматлікія бюракратычныя бар’еры для прадпрымальнікаў, паведамляе svaboda.org.

Пасля яе выступу Аляксандар Лукашэнка ўзяў слова, звінаваціўшы бізнэс у працы „на разбурэнне дзяржавы”.

У прыватнасці, згадаў пра зняволенага банкіра Віктара Бабарыку, заявіўшы, што той яму не канкурэнт.

«Усе парацца наконт Бабарыкі: ах, канкурэнта прэзідэнта пасадзілі. Ды пляваць я хацеў на такіх канкурэнтаў. У Турэччыне ўласнасці панастаўлялi, тут асабнякі, ніхто так не жыве, як ён — аўтамабілі, дамы. Дзяцей уцягнуў у гэта, панаадчыняў прадпрыемствы. Я што, павінен на гэта спакойна глядзець?»

Ён загадаў «спыніць рабунак з плёвай рэгістрацыяй бізнэсу» і прыгразіў, што «гарачым жалезам будзе выразаць такіх бізнэсоўцаў».

«Прыходзіць дзяржслужачы, чалавек у пагонах, у прыватны медычны клініку. Амаль спрэс і побач. „Ты, ябацька, прэч адсюль“.

Скажыце, якая мусіць быць мая рэакцыя на гэта? Дык вось я скажу непапулярна. Мы вас будзем выразаць гарачым жалезам за падобныя рэчы».

«Дзяржава перад бізнэсам на калені ня стане», — заявіў Лукашэнка, прызнаўшыся, што сам распарадзіўся прыкрыць усіх, хто ў свой час патрымаў усеагульны страйк.

«Дзень салідарнасці! У панядзелак! Каля 200 прадпрыемстваў зачыніліся! І хто яны ў нас? Дэфіцытныя? Асобныя гандлёвыя кропачкі, кафэшачкі. Як я павінен быў паступіць? Я папярэдзіў Камітэт дзяржкантролю: закрыліся — каб ні адно не адкрылася».

Паводле Лукашэнкі, Беларусь – не Расея, поўзаць перад алігархамі тут ніхто ня будзе. Маўляў, калі бізнэс будзе сацыяльна адказным, дзяржава яго падтрымае. Астатнія хай выкручваюцца самі.

Агулам бізнэсоўцам Лукашэнка параіў «дзяліцца». А іншым параіў спыніць неабгрунтаваны імпарт, пераключыўшыся на беларускі асартымент.

«Ня буду называць кампаніі, мы іх проста цяпер падчыстую выразаем. Вазьміце беларускі тавар прадайце. Дык не! Вы ябацькі? Вон адсюль». Як я павінен ставіцца да такой кампаніі? Яе ў Беларусі не будзе».

Лукашэнка ўдакладніў, што будзе падтрымліваць вытворчыя кампаніі, незалежна ад таго, падтрымлівае іх кіраўніцтва асабіста яго і як ставіцца да «ябацькаў». А іпэшнікаў-пасярэднікаў паабяцаў «прывесці ў пачуццё».

Кожны выпад Лукашэнкі супраць бізнэсу зала сустракала апладысментамі.