Палітолаг пра выбары ў Італіі: сенсацыі не адбылося, усё чакана



У нядзелю ў Італіі адбыліся парламенцкія выбары. Правая кааліцыя ўпершыню ў гісторыі гэтай краіны перамагла на выбарах. Кабінет міністраў можа ачоліць жанчына – лідарка партыі “Браты Італіі” Джорджа Мелані. Гэты ды іншыя аспекты разбіраем з нашым суразмоўцам – гісторыкам і палітолагам Аляксандрам Фрыдманам.  

РР: Калі ўзгадаць распад кааліцыі ў Італіі гэтым летам, ці было гэта нейкім сатрасеннем для Еўропы?

Аляксандр Фрыдман: У пэўным сэнсе было. Бо Марыо Драгі, які ўзначальваў італьянскі ўрад – гэта абазнаны еўрапейскі палітык і вядомы фінансавы эксперт. І чалавек, якім у Еўропе захапляліся. І з ягоным урадам у Еўрапейскай камісіі былі вельмі добрыя адносіны. Таму для Еўрапейскай камісіі, для буйных еўрапейскіх краінаў, для Францыі, Германіі, гэта было непрыемнасцю. А тое, што зараз адбылося, гэтыя выбары і іх вынікі, тут нічога нечаканага не было. Фактычна пацвердзілася тое, што аналітыкі і назіральнікі бачылі ў сацыялагічных апытаннях. Таму нейкіх недарэчнасцяў і нейкіх сенсацый не адбылося. Усё чакана.

Фота: Alessandra Tarantino/AP

РР: Здаецца, у Еўропе ультраправыя такой палітычнай вагі не маюць. Італія будзе пешай, дзе ультраправыя ва ўладзе зоймуць высокую пазіцыю. Чаму менавіта ў Італіі?

Аляксандр Фрыдман: Гэта будзе вельмі правы ўрад, калі будзе сапраўды сфармавана гэтая кааліцыя. Чаму Італія? Гэта цэлы шэраг чыннікаў. Гэта цэлы шэраг праблемаў эканамічнага кшталту, і ўвогуле ўсе тыя тэндэнцыі, якія зараз у Еўропе назіраюцца, кошты, якія падвышаюцца. Італьянская эканоміка, як вядома, не самая моцная. І сур’ёзныя праблемы там назіраюцца цягам шэрагу гадоў. Таму тое, што ў Італіі незадаволенасць эканамічным станам выклікала такі поспех правых – у гэтым нічога дзіўнага няма. Таму што мінулы ўрад быў левацэнтрысцкім. Людзі незадаволеныя і людзі абралі іншае. І мне не падаецца, што гэта такі ўжо выразна антыдэмакратычны выбар. І ўвогуле ўся гэтая дыскусія наконт прафашысцкага накірунку ў партыі “Браты Італіі” хутчэй знешняя дыскусія, і не італьянская дыскусія. У Італіі лічаць італьянскую дэмакратыю моцнай. І італьянская дэмакратыя, безумоўна, гэта вытрымае. Для еўрапейскага боку гэта непрыемны вынік, з гэтым урадам будзе працаваць цяжка, бо еўраскептыкі ў гэтым урадзе будуць адыгрываць важную ролю, але гэта не першы такі выпадак. У той жа Венгрыі ўрад Еўрапейскай камісіі таксама не падабаецца, але з ім працуюць.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя