Палітолаг: Склад парламенту прадказальны



Новы склад беларускага парламенту сапраўды лёгка прадказаць, заўважае палітычны эксперт. Парламенцкая кампанія зараз на этапе агітацыі, а СМІ ўжо апублікавалі спісы магчымага складу будучага парламенту. Праўладныя кандыдаты вельмі заўважныя, яны актыўна выкарыстоўваюць адміністрацыйны рэсурс для сваёй папулярызацыі. Хоць і тут улады не выключаюць палітычную гульню, – кажа журналіст і аналітык Валерый Карбалевіч:

– Часта кандыдат вылучаецца праз працоўныя калектывы, а праз працоўны калектыў у Беларусі можна вылучыць толькі праўладнага кандыдата. У шэрагу акругаў ёсць два ці больш кандыдатаў, якіх можна разглядаць як праўладных. Тады ўзнікае пэўнае пытанне: ці то ўлады ствараюць нейкую інтрыгу, ці гэта нейкая тонкая гульня для замежных назіральнікаў, ці на самым версе не вызначыліся дакладна – хто ж на гэтай акрузе будзе рэальным дэпутатам.

Выбары пройдуць 11-га верасня. За 110 месцаў у беларускім парламенце змагаецца больш за 500 кандыдатаў у дэпутаты. Безальтэрнатыўных акругаў на сёлетніх выбарах няма.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Белта